Беларуская Служба

Алесь Зарэмбюк: Беларускае грамадства хоча пачуць ад Польшчы канкрэтныя словы падтрымкі

27.07.2020 14:12
Беларусь змяняецца, змяняецца незваротна і гэта заўважаюць у Польшчы.
Аўдыё
  • Алесь Зарэмбюк: Беларускае грамадства хоча пачуць ад Польшчы больш канкрэтныя словы падтрымкі
Wiec poparcia dla Swiatłany CIchanouskiej 19 lipca
Wiec poparcia dla Swiatłany CIchanouskiej 19 lipcaSvetlana Turchenick / Shutterstock.com

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі засталося менш за два тыдні. Аб’яднаны штаб Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскай трыумфальна аб’язджае рэгіёны Беларусі, збіраючы шматтысячныя мітынгі праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Той у сваю чаргу працягвае палохаць грамадства рэпрэсіямі.

Беларусь змяняецца, змяняецца незваротна і гэта заўважаюць у Польшчы. Надоечы ў польскім Сейме сваю працу ў новым складзе аднавіла Парламенцкая група ў справах Беларусі. Старшыня фонду «Беларускі дом у Варшаве» Алесь Зарэмбюк звяртае ўвагу на міжпартыйны кансэнсус, дасягнуты падчас склікання Групы:

-Мы шчыра вітаем, што дэпутаты розных палітычных партыяў дасягнулі прынцыповае паразуменне. У Групу ўваходзяць як прадстаўнікі ўлады, так і прадстаўнікі апазіцыі. Сярод іншых, у яе склад уваходзіць Адам Ліпіньскі – адзін з кіраўнікоў правячай партыі «Права і справядлівасць». Польшча працягвае быць для нас краінай салідарнасці. Мы бачым гэта пастаянна. Адзін з апошніх прыкладаў – рэкордная па аб’ёмах гуманітарная дапамога Польшчы для Беларусі, накіраваная дзеля барацьбы з пандэміяй. (...)

Кіроўны клас у Польшчы старанна выбудоўвае адносіны з суседам – з афіцыйным Мінскам. Таму з іх боку мы не маем больш рэзкіх і больш дакладных заяваў, якія зараз хацела бы пачуць беларускае грамадства. Аднак у Польшчы абсалютна ўсе разумеюць што Беларусь змянілася. Незалежна ад таго, чым завершыцца сёлетні электаральны цыкл, палякі будуць падтрымліваць беларускі народ. (...)

Гутарку з Алесем Зарэмбюком запісаў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!