Беларуская Служба

Польскі прэзідэнт заклікае стварыць кааліцыю

30.07.2020 14:02
Ідзецца пра агульнае бачанне найважнейшых спраў для Польшчы і супольныя высілкі па іх вырашэнні.
Аўдыё
  • Польскі прэзідэнт заклікае да супольных пачынанняў
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і мэр Варшавы Рафал ТшаскоўскіPAP/Marcin Obara

Сёння ў польскай сталіцы адбылася сустрэча двух былых палітычных апанентаў на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах. Пераможца – прэзідэнт Анджэй Дуда сустрэўся з мэрам Варшавы і кандыдатам ад Грамадзянскай кааліцыі Рафалам Тшаскоўскім. Сустрэча прайшла ў прэзідэнцкім палацы і тычылася найважнейшых для Польшчы спраў.

Анджэй Дуда зазначыў, што цяпер Польшчы патрэбны палітычны мір ды мова кампрамісаў.

- Яшчэ раз я звяртаюся з заклікаў да ўсіх, каб мы стварылі па самых важных для Польшчы справах кааліцыю агульных пачынанняў. Давайце імкнуцца дзейнічаць так, каб важныя для краіны справы ішлі ў добрым напрамку. Цяпер насталі цяжкія часіны: не канчаецца эпідэмія, узмацняюцца эканамічныя праблемы, шмат выклікаў. Нашай галоўнай справай цяпер павінен быць клопат пра палякаў.

Урад і апазіцыя павінны не забываць, што палітыкай трэба займацца з думкай пра будучыя пакаленні.

- Мы размаўлялі пра гэта сёння з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім і пагадзіліся, што наступнае пакаленне нашых дзяцей, якое пасля нас пяройме эстафеты вырашэння польскіх спраў, будзе ацэньваць нас. Мы павінны так дзейнічаць, каб потым магчы з паднятай галавой перадаць ім Польшчу ў кіраванне.

У сваю чаргу мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі заявіў, што важна размова паміж палітыкамі, асабліва пра галоўныя для краіны справы, сярод якіх свабода СМІ ды моцнае мясцовае самакіраванне.

- Мы размаўлялі таксама пра мясцовае самакіраванне, што для мяне ёсць важнай справай. Я лічу, што мясцовае самакіраванне павінна быць далей моцным. Я перадаў прэзідэнту свой праект, каб больш даходаў з падаткаў ішло да органаў самакіравання. За апошнія гады тут былі моцныя страты. Прэзідэнт сказаў, што разгледзіць ініцыятыву і не выключае свайго законапраекту.

Прэзідэнт Польшчы і мэр Варшавы сёння сустрэліся двойчы. Другое спатканне адбылося ў Музеі Варшаўскага паўстання падчас адзначэння гадавіны паўстання. Сабраныя ветэраны заклікалі палітыкаў да супольных дзеянняў на карысць Польшчы. Гаворыць віцэ-старшыня Саюзу варшаўскіх паўстанцаў Халіна Енджэеўска.

- Мы хацелі б, каб народ быў заўсёды разам. Каб мы разам думалі пра нашу краіну і нашу ўлюбёную сталіцу, каб жыць і працаваць супольна, каб краіна развівалася ды квітнела.

Польскія палітыкі прапануюць арганізаваць кааліцыю для вырашэння важных спраў краіны.

юл