Беларуская Служба

Следчая Камісія пра трагедыю Ту-154М: Прычынай катастрофы стаў выбух

03.08.2020 11:47
На борце Ту–154М адбыліся два выбухі – у раёне левага крыла і ў цэнтральным адсеку самалёта. 
.
.Twitter.com/Macierewicz_A

У Сейме Польшчы 30 ліпеня агучылі вынікі працы Следчай камісіі Міністэрства абароны па паўторным вывучэнні прычын Смаленскай авіякатастрофы 10 красавіка 2010 года, пішуць на польскім інтэрнэт партале niezalezna.pl. Тады ўрадавы борт Ту–154М Ваенна-паветраных сілаў Польшчы выконваў рэйс па маршруце Варшава-Смаленск, але пры заходзе на пасадку на аэрадром Смаленск–Паўночны пацярпеў крушэнне.

Загінулі ўсе, хто быў на борце – 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і яго жонка Марыя Качыньская, а таксама вядомыя польскія палітыкі, амаль усё вышэйшае вайсковае камандаванне,грамадскія і рэлігійныя дзеячы. Яны ляцелі ў Расію на жалобныя ўрачыстасці з нагоды 70-й гадавіны Катыньскага расстрэлу.

У выніку праведзенага Камісіяй расследавання ўстаноўлена, што на борце Ту–154М адбыліся два выбухі – у раёне левага крыла і ў цэнтральным адсеку самалёта. На абломках самалёта былі выяўленыя сляды траціла, гексагену і пентрыта. Той факт, што мелі месца выбухі, пацвярджаецца, з аднаго боку, характарам пашкоджанняў самалёта і роскідам яго абломкаў, а з другога, траўмамі, якія атрымалі пасажыры ўрадавага самалёту.

У адрас расійскіх следчых прагучала абвінавачванне ў тым, што, расследуючы прычыны крушэння польскага самалёта, яны спрабавалі схаваць доказы гэтых выбухаў.

Старшыня камісіі, былы міністр абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч апублікаваў у сацыяльнай сетцы Twitter відэа, на якім змадэляваныя апошнія хвіліны палёту польскага ўрадавага самалёту Ту-154М.

Камісія Мацірэвіча абвінаваціла папярэдні склада следчай групы пад кіраўніцтва Ежы Мілера ў тым, што яна не займалася «рэальным расследаваннем Смаленскай трагедыі», пісалі на партале niezalezna.pl.

эж