Лідар расійскай Ліберальна-дэмакратычнай партыі прагназуе, што Лукашэнку „давядзецца пакінуць Беларусь”.
Уладзімір Жырыноўскі не выключыў масавых беспарадкаў у Беларусі ў выпадку перамогі цяперашняга прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе Rzeczpospolita са спасылкай на расійскае ўрадавае агенцтва РИА Новости.
„Калі Лукашэнка абвесціць сваю перамогу, беларусы могуць з гэтым не пагадзіцца. Людзі выступяць супраць. Сітуацыя пагоршыцца. Гэта можа прывесці да таго, што ён будзе прымушаны пакінуць Беларусь, каб пазбегнуць ахвяраў. Хтосьці ў вайсковых ці міліцэйскіх сілах можа адмовіцца выконваць загады”, - сказаў Жырыноўскі. Пры нагодзе лідар ЛДПР нагадаў пра ноч з 14 на 15 лютага 2014 году й уцёкі тагачаснага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча з Кіева.
Расійскі нацыяналіст пераконвае, што „часы памяняліся” і „немагчыма надалей утрымліваць уладу сілай”.
„Дваццаць шэсць гадоў. За гэты час людзі стаміліся. Беларусам надакучылі. Яны спакойныя, але могуць зрабіць нешта ў панядзелак, 10 жніўня. Гэта будзе важны дзень для Беларусі”- дадаў палітык.
Выданне Rzeczpospolita нагадвае, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваныя на 9 жніўня, а датэрміновае галасаванне пачалося ў аўторак.
Між тым аказалася, што Расія не накіруе назіральнікаў на беларускія выбары.
Старшыня расійскага ЦВК Эла Памфілава заявіла, што прычынай стала пандэмія каранавіруса. З-за пагрозы COVID-19 Расія не плануе падвяргаць небяспецы здароўе і жыццё сваіх назіральнікаў.
Яна заявіла, што Расія не атрымала запрашэння ад Беларусі з просьбай накіраваць назіральнікаў. Паводле яе, у Беларусі таксама не будзе расійскіх назіральнікаў, якія ўваходзяць у склад місіі АБСЕ, паколькі арганізацыя, якая назірае за выбарамі па ўсім свеце, занадта позна атрымала адпаведныя запрашэнні ад уладаў у Мінску.
„Расійскае ЦВК таксама не накіруе назіральнікаў у Беларусь у рамках місіі СНД, улічваючы, мякка кажучы, спецыфічнае стаўленне беларускіх уладаў да пандэміі каранавіруса”, - сказала старшыня расійскага ЦВК.
аз