Беларуская Служба

Малады паляк расказаў, як яго катавалі ў мінскіх засценках

14.08.2020 17:06
« (...) І там пачалося пекла – гэта быў шматгадзінны працэс фізічных і псіхічных катаванняў».
, 12  2020
Мінск, 12 жніўня 2020 годаPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Увогуле, польскія сродкі масавай інфармацыі вельмі шырока асвятляюць падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Так, партал gazeta.pl публікую размову з 24-гадовым польскім студэнтам Кацпэрам Сяніцкім, які быў затрыманы 9 жніўня ў момант, калі з сябрам выходзіў з мінскай кавярні. Затрымалі таксама яго сябра, паляка. Пасля затрымання Кацпэр на некалькі дзён прапаў, і яго маці звярталася да СМІ з заклікам знайсці сына. А пазней, калі аказалася, што ён арыштаваны, заклікала беларускі рэжым яго вызваліць. У вызваленні Кацпэра дапамагалі польскія дыпламаты.
Пра тое, як выглядала затрыманне, Кацпэр расказаў журналісту Польскага радыё, а яго словы прыводзіць партал. «Затрыманне было жорсткім. Нас закінулі ў аўтазак і паставілі на калені. Тады мяне першы раз моцна збілі. Прывезлі ў РАУС, у падвал. І там пачалося пекла – гэта быў шматгадзінны працэс фізічных і псіхічных катаванняў», – расказвае Кацпэр. Пасля гэтага затрыманых перавезлі ў Жодзіна, бо ў Мінску не было месцаў. У камеры было восем ложкаў і 19 чалавек. Малады паляк кажа, што перажыць у цяжкай сітуацыі ім дапамагла людзкая салідарнасць – людзі адзін аднаму дапамагалі як толькі маглі. У Жодзіне ён прабыў тры дні. Студэнт гаворыць, што гэты перыяд быў нармальным у параўнанні з Мінскам, бо тут іх не білі і не здзекаваліся.

З жодзінскага ізалятара Кацпэра і яго сябра выцягнулі польскія дыпламаты і ахапілі іх сваёй апекай, паведамляе партал gazeta.pl.

Шырока падзеі ў Беларусі асвятляюць таксама польскія тэлеканалы, у прыватнасці, найбольшы інфармацыйны канал TVN24, які выслаў уласнага карэспандэнта ў Беларусь, і Polsat News. Польскія журналісты заўважылі, што беларускія сілавікі ня толькі прымяняюць жорсткае насілле адносна мірных дэманстрантаў, але палююць на журналістаў, у тым ліку замежных. «Мы з'яўляемся сведкамі сапраўднага палявання на журналістаў», – паведамляе TVN24 і зазначае, што гэта добра запланаваная тактыка, бо дзякуючы журналістам як беларускае грамадства, так і сусветная супольнасць маюць магчымасць даведацца пра жахі, якія здзяйсняе беларускі дыктатар.

Свайго ўласнага карэспандэнта ў Беларусь выслаў таксама партал Outriders.pl. Журналіст піша, што пасля некалькіх дзён пратэстаў атмасфера ў беларускай сталіцы бачна змянілася: на вуліцах адчуваецца радасць, а сілавікі перасталі разганяць маніфестантаў. Але існуе меркаванне, што гэтая свайго роду адліга мае часовы характар і што неўзабаве пасля зацішша рэжым зноў пойдзе ў атаку, паведамляе партал.

вс