Беларуская Служба

19 кастрычніка ў Вільні адкрыюць адноўленыя помнікі на магілах Пілсудскіх

16.10.2025 16:01
А ў Варшаве выйшла кніга з малавядомымі фактамі пра Юзафа Пілсудскага і яго блізкіх.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". М.Кальмасяк пра Ю.Пілсудскага і З.Вуйціка.
  ,    ,      .
Магіла Марыі Пілсудскай, першай жонкі Юзафа Пілсудскага, на могілках на Росе ў Вільні.https://pl.wikipedia.org/wiki/Maria_Pi%C5%82sudska_(1863%E2%80%931921)#/media/Plik:Rossa-Maria_Pi%C5%82sudska.JPG

19 кастрычніка ў Вільні, на могілках на Росе, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё пасля рэстаўрацыі надмагільных помнікаў родных Юзафа Пілсудскага — ураджэнцаў і жыхароў Літвы і літоўска-беларускага пагранічча, Вільні і ваколіц.

У Варшаве, у выдавецтве Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы выйшла кніга пра чалавека, які асабіста ведаў Юзафа Пілсудскага — Niepokorny. Profesor Zbigniew Wójcik – patriota, strażnik pamięci Piłsudskiego, historyk («Непакорны. Прафесар Збігнеў Вуйцік — патрыёт, вартавы памяці Пілсудскага, гісторык»). Яе аўтар — Марыюш Кальмасяк, даследчык жыцця, дзейнасці, сям’і і асяроддзя Юзафа Пілсудскага.

Карані роду Пілсудскіх — на мяжы Жамойці і Прусіі, на паўночным захадзе Літвы. Гэта сям’я шчыльна звязана з Вільняй і ваколіцамі. Пілсудскі ў пачатку ХХ ст. выступаў супраць пашырэння ўжывання беларускай мовы, а ў 1919 г. у Мінску абяцаў беларусам падтрымку ў іх імкненнях да незалежнасці ад Расіі. Яго дзеянні ў адносінах да беларусаў і літоўцаў былі і прыязныя, і варожыя.

Але для палякаў асоба першага маршала адроджанай у 1918 годзе незалежнай Польшчы, арганізатара легіёнаў, якія змагаліся за вызваленне краіны ад чужаземнага панавання, важная нават цяпер, праз амаль 90 гадоў пасля яго смерці. Чаму? Тлумачыць Марыюш Кальмасяк.

— У польскіх легіёнах, у польскай арміі служылі нашы дзяды, прадзеды. І каштоўнасці эпохі Юзафа Пілсудскага, даваеннай Польшчы, усё яшчэ жывыя — у расказах, успамінах, сямейных фатаграфіях у польскіх сем’ях. Гэта — па-першае. Па-другое, сітуацыя, якую мы сёння назіраем ва Усходняй Еўропе, для нас, палякаў, як і для іншых усходнееўрапейскіх краін, асабліва краін Балтыі, не менш небяспечная, чым сітуацыя напярэдадні Другой сусветнай вайны. Таму зварот да постаці Юзафа Пілсудскага важны для Усходняй Еўропы — асабліва ва ўмовах цяперашняй ваеннай пагрозы — для нас, для краін Усходняй Еўропы, краін Балтыі. Менавіта таму для палякаў, для нас усіх гэтая постаць застаецца вельмі важнай, блізкай.

Напомню, што маршал Пілсудскі не толькі прывёў Польшчу да незалежнасці ў 1918 г., але і разам з польскім народам адстаяў яе на палях бітваў з савецкай Расіяй.


Вокладка кнігі Марыюша Кальмасяка Niepokorny. Profesor Zbigniew Wójcik – patriota, strażnik pamięci Piłsudskiego, historyk. Вокладка кнігі Марыюша Кальмасяка Niepokorny. Profesor Zbigniew Wójcik – patriota, strażnik pamięci Piłsudskiego, historyk.

Марыюш Кальмасяк з'яўляецца сваяком тых, хто асабіста знаў Пілсудскага.

— Мой сваяк — брат майго прадзеда, харунжы Валенты Вуйцік, быў асабістым ахоўнікам Юзафа Пілсудскага, знаходзіўся побач з ім на працягу многіх гадоў. Таму з дзяцінства я многа чуў пра маршала. Яшчэ да школы я ўжо ведаў, што хтосьці з сям’і маёй бабулі быў побач з Пілсудскім. Калі я пачаў глыбей цікавіцца гэтай тэмай, я з простага аматара генеалогіі ператварыўся ў прафесійнага гісторыка — паступіў ва ўніверсітэт, сур’ёзна заняўся гэтым пытаннем. І так, нітка за ніткай, я прыйшоў да асобы Юзафа Пілсудскага, паглыбляючыся ў яго дзівосную біяграфію, у эпоху і абставіны, якія суправаджалі яго жыццё. І такім натуральным чынам я стаў гісторыкам. Маёй галоўнай тэмай стала біяграфія Юзафа Пілсудскага.

Кніга Марыюша Кальмасяка пра Збігнева Вуйціка — гэта і кніга пра Юзафа Пілсудскага.

— Сын майго згаданага сваяка, харунжага Валенты Вуйціка, — прафесар Збігнeў Вуйцік, таксама быў звязаны з Пілсудскім. Гэта мой дзядзька. Ён нарадзіўся ў 1922 годзе (пайшоў з жыцця ў 2014‑м). Ён знаў Пілсудскага, сустракаўся з ім, калі быў дзіцем. Часта ўспамінаў, што два разы сядзеў на каленях маршала, а некалькі разоў нават размаўляў з ім. Тым не менш, асоба прафесара Вуйціка цікавая не толькі тым, што мой дзядзька сядзеў на каленях у маршала Пілсудскага.

Марыюш Кальмасяк раскрывае падрабязнасці біяграфіі Збігнeва Вуйціка.

— Ён быў даследчыкам новай гісторыі, займаўся польска‑ўкраінскімі, польска‑расійскімі, польска‑турэцкімі адносінамі, вывучаў постаці каралёў Рэчы Паспалітай — Яна Сабескага і Яна Казіміра. Аднак асоба Юзафа Пілсудскага заўсёды была яму вельмі блізкая. Як толькі абставіны гэта дазволілі — я маю на ўвазе перыяд «Салідарнасці» — ён падрыхтаваў невялікую брашуру для выдавецтва «Салідарнасці», якая знаёміла польскіх рабочых з сапраўднай роляй Юзафа Пілсудскага ў аднаўленні незалежнасці Польшчы. У наступныя гады Збігнeў Вуйцік актыўна працаваў над тым, каб ушанаваць памяць Пілсудскага. Да гэтага часу мы можам бачыць плён працы майго дзядзькі. Адзін з самых важных вынікаў яго дзейнасці, звязанай з памяццю пра Пілсудскага, — эпітафія Юзафу Пілсудскаму ў варшаўскім кафедральным саборы. Ён дамогся яе ўстанаўлення, нягледзячы на супраціўленне прымасаў Польшчы — Стэфана Вышыньскага і Юзафа Глемпа, звярнуўшыся непасрэдна да папы рымскага Яна Паўла II. Падтрымка папы дапамагла, і эпітафія была адкрыта ў 1988 годзе.

Марыюш Кальмасяк расказвае пра іншыя малавядомыя шырокай грамадскасці факты з біяграфіі Збігнeва Вуйціка.

— У камуністычнай Польшчы Збігнeў Вуйцік быў свайго роду прадстаўніком сям’і маршала, якая з 1939 года пастаянна знаходзілася ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі. Мой дзядзька быў маральным аўтарытэтам, за якім стаяла сям’я Пілсудскіх. Калі ў 1980 годзе з’явілася магчымасць вярнуць Пілсудскім радавы маёнтак «Мілюсін» (цяпер Музей Юзафа Пілсудскага ў Сулеювэку ў Мінскім павеце Мазавецкага ваяводства), менавіта Вуйцік быў адным з тых, каму было даверана дзейнічаць ад імя сям’і Пілсудскіх. Пасля палітычных перамен у Польшчы Вуйцік таксама прадстаўляў інтарэсы сям’і маршалка. Адносіны паміж дочкамі маршала і Вуйцікам, будучым прафесарам, склаліся яшчэ ў дзяцінстве — у Бельведэры, можна сказаць, падчас гульні ў пясочніцы. І гэтыя сувязі захоўваліся і ў іх дарослым жыцці, практычна да самай смерці ўсіх гэтых людзей.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаве выйшлі кнігі пра невядомыя старонкі біяграфій Юзафа Пілсудскага і яго першай жонкі Марыі

04.07.2024 15:56
Кніга Марыюша Кальмасяка Piękna Pani. Biografia Marii z Koplewskich Piłsudskiej расказвае пра першую жонку Юзафа Пілсудскага.