Расійскі лідар Уладзімір Пуцін размаўляе з нашым так званым прэзідэнтам, але чакае развіцця падзеяў. Ён разумее, што беларусы ўжо не хочуць Лукашэнкі, таму я не думаю, што ён накіруе войскі ў Беларусь, кажа Святлана Ціханоўская ў размове з тыднёвікам Newsweek.
Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі запэўнівае, што ні яна асабіста, ні члены ейнай каманды не робяць нічога асаблівага, каб утрымаць людзей на вуліцах.
„Гэта людзі вырашаюць. Калі хочуць, то выходзяць, калі не - застаюцца дома. Але большасць хоча пераменаў, таму і выходзяць на вуліцы і пратэстуюць”.
Паводле Ціханоўскай, асноўная прычына пратэстаў - стаўленне ўлады да беларусаў і прапаганда, якая спрабуе пераканаць грамадзянаў, што Каардынацыйны савет створаны з мэтай незаконнага адхілення Лукашэнкі ад улады.
„Мы шукаем юрыдычныя шляхі вырашэння палітычнага крызісу і мы прапанавалі ўладам канкрэтнае рашэнне. Вось чаму мы стварылі гэты савет, каб весці дыялог, як з народам, так і з уладамі і давесці да правядзення новых выбараў, паколькі яны павінны адбыцца. Савет не каардынуе ніякіх дэманстрацый і забастовак - гэта месца для дыялогу”, - падкрэслівае Ціханоўская.
Паводле яе, Лукашэнку, які страціў давер, спатрэбяцца велізарныя грошы для падаўлення пратэстаў. Тым часам беларускі дзяржаўны бюджэт змагаецца з сур’ёзнымі праблемамі. Тут не дапаможа аднаразовая дапамога Пуціна.
„Пуцін размаўляе з нашым так званым прэзідэнтам, але ён чакае развіцця падзеяў. З аднаго боку, паслухмяны Лукашэнка яму патрэбны, але, з іншага боку, Пуцін разумны палітык, і бачыць, што беларусы ўжо Лукашэнкі не хочуць. Народ - вялікая сіла, якую Пуцін павінен узяць пад увагу. Цяпер ён задумоўваецца, што зрабіць, але я не думаю, каб ён адкрыта падтрымаў Лукашэнку альбо накіроўваў у Беларусь войскі. Мы заўсёды жылі ў сяброўстве з расейцамі і ніхто не хоча канфрантацыі. Пуцін гэта разумее. Аднак, што будзе, ніхто не ведае”, - адзначылa Ціханоўская.
„Мы таксама хацелі б падтрымкі з боку Расіі, але мы не просім, бо Пуцін ужо падтрымлівае Лукашэнку (…) У сваю чаргу тое, што мы просім дапамогі ў Еўропы не азначае, што мы будуем сцяну паміж Беларуссю і Расіяй, якая з'яўляецца нашым партнёрам і сябрам. Мы не хочам разбураць гэтыя адносіны. Мы ведаем, што Расія адыгрывае велізарную ролю ў міжнародным гандлі і нашай эканоміцы, але яна павінна разумець - тое, што зараз адбываецца ў Беларусі - выключна нашая справа. Я не ведаю, ці Пуцін падтрымае дэмакратычную Беларусь, але беларусы хочуць дэмакратыі. Таму ён павінен на гэта пагадзіцца, калі плануе будаваць новыя адносін паміж нашымі народамі. Мы з'яўляемся важным партнёрам для Расіі і наш новы прэзідэнт напэўна прыме рашэнні, якія будуць карыснымі для абедзвюх краін. Я не бачу тут праблем”, - кажа Ціханоўская.
На пытанне аб тым, што яна сказала б Уладзіміру Пуціну, калі ў яе была нагода гэткай размовы, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі адзначыла, што, перш за ўсё, слухала б таго, што ён сказаў бы. „Я ўпэўненая, нам было б пра што пагаварыць”, - запэўніла Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю тыднёвіку Newsweek.
аз