"Лукашэнка паліць за сабою масты" – пад такім загалоўкам Rzeczpospolita піша пра тое, як беларускія ўлады разбураюць адносіны з Захадам. Першы крок – выдаленне часткі польскіх ды літоўскіх дыпламатаў. У панядзелак Мінск таксама адклікаў на кансультацыі сваіх паслоў з Варшавы ды Вільні, павінна быць значна зменшана колькасць дыпламатаў, працуючых у пасольствах Польшчы ды Літвы ў Беларусі – з пяцідзесяці польскіх дыпламатаў могуць застацца толькі васямнаццаць, а літоўскіх – з дваццаці чатырох чалавек застанецца чатырнаццаць.
Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау напісаў у пятніцу ў сацсетках, што ён не збіраецца адклікаць пасла на кансультацыі, але ў суботу беларускае МЗС паведаміла, што гэта не просьба, а патрабаванне, якое неабходна выканаць.
Змяншэнне лічбы дыпламатаў яшчэ больш падоўжыць чэргі беларусаў па шэнгенскія візы (іх было выдадзена прыкладна 350 тыс. у 2018 г.), але гаворка ідзе не толькі пра візы. Дыпламатычныя ўстановы займаюцца таксама выдачай картаў паляка. Праўда, карту можна атрымаць і ў Польшчы, але, каб сюды прыехаць, неабходна мець візу, гэта значыць, зноў жа адстаяць даўжэзную чаргу ў пасольстве.
Беларускія ўлады лічаць Польшчу агрэсіўнай дзяржавай, якая кіруе пратэстамі ў Беларусі, - нагадвае журналіст з Гродна Анджэй Пачобут. У сваю чаргу Літва раззлавала Лукашэнку, паколькі яна першая заявіла, што не прызнае вынікаў выбараў 9 жніўня і дала прытулак Святлане Ціханоўскай. А якраз яе, у адрозненні ад Лукашэнкі, прымаюць на самым высокім узроўні ў Еўропе. На гэтым тыдні яна сустракаецца з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель, былі перамовы з прэзідэнтам Францыі. Гэта, аднак, ніяк не ўплывае на сітуацыю ўнутры Беларусі. Беларускія ўлады спальваюць масты з краінамі Захаду. Магчыма, пад ціскам Расіі, - каментуе палітолаг Валер Карбалевіч.
нг