Беларуская Служба

Польскія СМІ: У Беларусі ўсталёўваецца вайсковая хунта

10.11.2020 14:31
Прызначэнне вайскоўцаў на высокія пасады сведчанне пра больш жорсткія намеры рэжыму.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPAP/EPA/MAXIM GUCHEK

Газета Выборча інфармуе пра нядзельныя разгоны пратэстаў у Беларусі. Аўтар тэксту Анджэй Пачобут піша пра тое, што ў Беларусі ўсталёўваецца сапраўдны дыктатарска-ваенны рэжым. Прызначэнне высокапастаўленых афіцэраў арміі і ўнутраных службаў на кіраўнічыя пасады ў рэгіёнах сведчыць пра пераход да тактыкі ўтрымання ўлады выключна сілай.

У Беларусі ўжо ніхто не верыць у падтрымку рэжыму Лукашэнкі большасцю беларусаў. Зараз тое, што застаецца ўладам, гэта ўзмацненне гвалту і рэпрэсіяў супраць мірных грамадзянаў, якія выходзяць на вуліцы ўжо амаль 100 дзён.

Брутальныя разгоны нядзельнага Маршу народаўладдзя сталі самымі жорсткімі з трагічных дзён 9-11 жніўня. Апублікаваныя ў інтэрнэце здымкі затрыманняў і знутры ізалятараў – спроба запужаць людзей і адбіць у іх ахвоту выхадзіць на вуліцы.

Беларуская сістэма ў якасці сваёй тактыкі выбрала гвалт супраць народа. Мэта – утрымацца на пасадах і вярнуцца да сітуацыі, якая была перад выбарамі. Вяртанне да таго, што было, аднак немагчыма – людзі даведаліся, што незадаволенасць рэжымам – агульная з’ява і не хочуць прымаць уладу, якая ім насаджваецца сілаю. Таму Лукашэнка прызначыў кіраўніком Гродзенскай вобласці Юрыя Караева, Брэсцкай вобласці – Валерыя Вакульчыка, а мінскага раёну – Аляксандра Барсукова. Гэта прама сведчыць пра спробу стварэння паралельнай да структуры вертыкалі ўлады – структуры ваеннай вертыкалі.

У артыкуле таксама адзначаецца, што толькі на мінулым тыдні ў дачыненні да 231 асобы ўзбуджаныя крымінальныя справы – ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Такіх рэпрэсіяў у Беларусі яшчэ не было.

Gazeta Wyborcza/аев