Gazeta Wyborcza публікуе на сваіх старонках даволі вялікі артыкул, прысвечаны падзеям у Беларусі. Журналісцкі матэрыял называецца «Сто дзён барацьбы за свабодную Беларусь». Газета піша, што ўчора мінула сто дзён з моманту, калі ЦВК пад кіраўніцтвам Лідзіі Ярмошынай аб’явіла Лукашэнку пераможцам прэзідэнцкіх выбараў, якому «намалявалі» больш за 80% падтрымкі. Беларусы гэта ўспрынялі як абразу і выйшлі на вуліцы з пратэстамі. І вось, пратэстацыйныя акцыі працягваюцца ўжо больш за 100 дзён – з 9 жніўня, калі адбылося галасаванне. Гэта найбольш масавыя і працяглыя пратэсты ў гісторыі краіны. Паводле справаздачы, падрыхтаванай незалежнымі спецыялістамі, у пратэстацыйных акцыях удзел прыняў кожны другі жыхар Мінска.
У адказ раскруцілася рэпрэсіўная машына. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», сілавікі затрымалі каля 26 тыс. чалавек. Амаль 25 тыс. чалавек былі аштрафаваныя альбо трапілі на суткі, некалькі соцень грамадзян праходзіць па крымінальных справах. Нягледзячы на зверскія рэпрэсіі, беларусы працягваюць крочыць па свабоду, спакойна і мірна, хоць цана, якую ім прыходзіцца плаціць, даволі высокая, чытаем на старонках польскай газеты.
Gazeta Wyborcza таксама інфармуе, што 4 тыс. чалавек паведамілі праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра прымяненне да іх насілля і катаванняў. У чацвер у Мінску сілавікі забілі 31-гадовага Рамана Бандарэнку. Яго забралі ў міліцыю. Адтуль ён трапіў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з сур’ёзнымі траўмамі цела, якія аказаліся несумяшчальныя з жыццём. Польскае выданне падкрэслівае, што Раман стаў дзясятай смяротнай ахвярай зверстваў рэжыму Лукашэнкі.
Газета пры гэтым зазначае, што беларускі дыктатар не збіраецца ісці на саступкі – наадварот, рэпрэсіі ўзмацняюцца. У самазванца пусцілі тармазы, а спіраль насілля будзе толькі раскручвацца. З іншага боку, Беларусь і беларусы змяніліся, і дыктатар гэтага не хоча зразумець. Краіны, якая існавала да 9 жніўня, больш ужо не будзе. Людзі зразумелі, што прыхільнікаў Лукашэнкі ў краіне меншасць. Цяпер лукашэнкаўскі рэжым трымаецца толькі на страху. Калі ён рухне, гэта ўсяго толькі пытанне часу, таму што ўсе крывавыя рэжымы, якія кіравалі краінай пры дапамозе тэрору, як сведчыць гісторыя, раней ці пазней адыходзілі ў нябыт, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс