Еўракамісія не можа быць адначасова пракурорам і суддзёй, заявіў у інтэрв’ю газеце Rzeczpospolita намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Польшчы. Усё ж Павел Яблоньскі мае надзею на кампраміснае вырашэнне спрэчкі паміж Польшчай і ЕС пра сувязь паміж выплатай сродкаў з бюджэту супольнасці і вяршэнствам закона.
„Шанец на дасягненне кампрамісу існуе, паколькі ЕС неаднаразова даказваў, што ён здольны пераадольваць розныя праблемы. Цяперашняя спрэчка ўзнікла таму, што частка краінаў-членаў памылкова лічыла, што мы блефуем, пагражаючы ветам і канчаткова пагодзімся на прапанаваны Еўракамісіяй механізм, які дазволіць адвольна прыпыняць сродкі для Польшчы. Гэта вынік стэрэатыпнага меркавання некаторых краінаў паўночнай Еўропы, што краіны Цэнтральнай Еўропы за грошы пагодзяцца на ўсё”, - кажа Павел Яблоньскі.
Паводле яго, „Еўракамісія не можа быць адначасова пракурорам і суддзёй, прысвойваючы сабе паўнамоцтвы, якіх не прадугледжваюць дагаворы ЕС. „Гэта, менавіта, супярэчыць прынцыпу вяршэнства закона”, - лічыць віцэ-міністр.
Ён дадае, што з пункту гледжання Польшчы неразумна было б зняць блакаду з бюджэту ЕС у той жа час, калі на наступны дзень Еўракамісія магла б увесці такую блакаду для Польшчы ці Венгрыі.
Віцэ-кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што бюджэтныя прынцыпы не могуць быць адвольнымі, але павінны грунтавацца на аб'ектыўных крытэрах.
„Формы могуць быць розныя: змена ўжо прынятых актаў, асобны пратакол альбо іншы дакумент. Аднак у кожным выпадку яны павінны быць юрыдычна абавязковымі. Па гэтай справе мы прадставілі сваю пазіцыю вельмі выразна і гатовы гаварыць пра любы спосаб яе рэалізацыі, але ўмова - юрыдычная ўпэўненaсць - павінна быць выканана”, - падкрэсліў Павел Яблоньскі ў размове з выданнем Rzeczpospolita.
аз