Больш за 81% палякаў прагаласавала б на рэферэндуме за тое, каб Польшча засталася ў Еўрапейскім Саюзе. За выхад з супольнасці выказалася 11% рэспандэнтаў, такія вынікі апытання грамадскай думкі публікуе газета Rzeczpospolita.
Канфлікт вакол новага механізму, які выплату сродкаў з бюджэту і фондаў дапамогі ЕС ставіць у залежнасць ад вяршэнства закона не паўплываў рашуча на ўзровень падтрымкі членства Польшчы ў супольнасці, ацэньвае штодзёнка.
Самае важнае, што высокі працэнт падтрымкі для ЕС фіксуецца таксама сярод выбаршчыкаў кіроўнай партыі „Права і справядлівасць” - ажно 83% прыхільнікаў ПіС. Для параўнання ў выпадку выбаршчыкаў апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі” - гэта 95%, „Левых сілаў”- 97%, „Польскай кааліцыі” – 67%, а „Канфедэрацыі” – 37%.
Апытанне паказвае, што рэспандэнты падзяляюцца на амаль роўныя групы, калі гаворка ідзе пра пытанне пра новы механізм выплат з бюджэту ЕС. Прапанову Еўракамісіі падтрымлівае 44,8%, супраць яе - 44,2%.
Вынікі апытання таксама сведчаць пра тое, што палякі не баяцца, што апошні канфлікт з ЕС можа прывесці да выхаду Польшчы з Еўрасаюза. Аднак 58% з іх мяркуе, што ў выніку ацэнкі захавання вяршэнства закона ў Польшчы краіна можа страціць доступ да значных сродкаў ЕС.
З другога боку 53,5 % апытаных лічыць, што польскае вета ў дачыненні да бюджэту ЕС не перашкодзіць Польшчы атрымаць згаданых сродкаў.
Паводле вынікаў апытання 51,1% апытаных лічыць, што суд ЕС з’яўляецца кампетэнтным органам для ацэнкі вяршэнства закона ў дзяржавах-членах. Аднак на гэты вынік паўплывалі перш за ўсё рашучыя меркаванні рэспандэнтаў-прыхільнікаў апазіцыйных партый („Грамадзянская кааліцыя” – 87% і „Левыя сілы” – 84%). Сярод прыхільнікаў ПіС толькі 23% апытаных мяркуе падобным чынам, паведамляе Rzeczpospolita.
аз