Беларуская Служба

Беларуская рэвалюцыя абмяркоўвалася на канферэнцыі польскай усходняй палітыкі

27.11.2020 15:02
Тэма Беларусі, уласна ў гэтым годзе, выклікае зацікаўленне палякаў і абмяркоўваецца на чарговых навуковых канферэнцыях.
Аўдыё
  • Як у Польшчы глядзяць на пратэсту ў Беларусі?
Канферэнцыя прысвечаная Польскай усходняй палітыцыКалегіюм Усходняй Еўропы

У гэтыя дні праходзіць трохдзённая канферэнцыя арганізавана Калегіяй усходняй Еўропы прысвечана ўсходняй палітыцы Польшчы. Сярод семінараў ёсць і пра Беларусь і падзеі, якія зараз праходзяць у краіне. У сувязі з пандэміяй каранавіруса ўсе мерапрыемствы праходзілі ў анлайн-фармаце, а ўдзельнічаць змог кожны жадаючы. У чацвер прайшлі дбаты пад назвай «Жыве Беларусь. Дэмакратычная апазіцыя і правы чалавека ў Беларусі».

«Мы чакалі таго моманту, калі ўсе разумеем адзін аднаго» – падкрэсліў адзін з панелістаў рэдактар часопісу New Eastern Europe Максім Руст:

-Зараз мы ўсе разумеем, што ў нас адна мэта. Таго моманту мы чакалі амаль 30 гадоў: што мы не падзелены на тых, хто гаворыць і не гаворыць па-беларуску, тых хто мае такія або іншыя погляды на геапалітыку. Ці хтосьці за Еўразвязам ці за Расіяй, беларускае грамадства разумее, што яно моцнае, яно адзінае і ў яго адзін праціўнік у асобе былога прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сістэмы.

Таксама адмыслоўцы падкрэслілі эвалюцыю, якая адбылася ўнутры ўсяго грамадства. Выразна бачнае абуджэнне ўсіх пластоў насельніцтва і тое, што людзі павольна прызвычаіліся да новага – пратэстнага рэжыму.

-Людзі, якія раней не былі заангажаваныя ў палітычныя працэсы, ведаюць, што калі выйдуць на пратэст, і калі іх затрымаюць, будуць збіваць, трапяць пад рэпрэсіі, адлічаць іх з універсітэта ці звольняць з працы, то яны атрымаюць дапамогу. Ім дапамогуць суседзі, людзі, якія жывуць побач і дыяспара беларусаў за мяжой і ім не трэба баяцца за недалёкую  будучыню. Гэта важна для дынамікі пратэсту. Колькасць пратэстуючых змяншаецца , але пасля забойства Рамана Бандарэнкі, мы ўсе бачылі, які быў водгук грамадства. Зараз кожнае такое здарэнне можа стаць штуршком для новай форму нядзельных пратэстаў.

У сваю чаргу Агата Вяжбоўская-Мязга, кіраўнічка «Фонду лідараў перамен» выказала сумнеў наконт ролі Святланы Ціханоўскай і яе дзеянняў. Паводле яе, дзеянні Ціханоўскай не так ужо паспяховыя, у чым прывяла прыклад ультыматуму, які не даў чаканых вынікаў. Таксама яна лічыць, што лідарства Ціханоўскай у пратэстах патрэбнае ўсё менш, бо людзі арганізуюцца самастойна, і бачаць што Ціханоўская ўжо не з’яўляецца так важнай фігурай як на самым пачатку:

-Яна спрабуе зараз стварыць свайго роду эксперцкае асяроддзе ці альтэрнатыўны ўрад, але пакуль гэтая ініцыятыва не пераконвае. Таксама Каардынацыйная Рада пазбаўленая магчымасці працы з прычыны арыштаў яе чальцоў. Варта таксама ўспомніць традыцыйную беларускую апазіцыю, бо кажуць, што нават калі нішто не зменіцца то Лукашэнка ўжо страціў давер і легітымнасць свайго кіравання. Здаецца, што пратэсты былі вялікім выпрабаваннем для старой апазіцыі, якая існуе ўжо 20-30 гадоў. Можна зразумець іх стрыманасць на момант самых выбараў, але факт, што ім не ўдалося далучыцца да пратэстаў, такім чынам, каб яны сталі бачнымі, можа сведчыць пра страту даверу для традыцыйных апазіцыйных структур, якія раней мелі сваю замацаваную пазіцыю ў грамадстве. 

Журналістка Крытыкі Палітычнай Паўліна Сегень у сваю чаргу звярнула ўвагу на эвалюцыю сімволікі пратэстаў і таго, што аб’ядноўвала людзей на пачатку і аб’ядноўвае зараз. Звярнула таксама ўвагу на тое, што важна спрабаваць выпрацоўваць шляхі развіцця грамадства і выхаду з крызісу, які безумоўна прыйдзе на пачатку паслялукашэнкаўскага перыяду:

-На пачатку мы бачылі яскравыя палітычныя рысы гэтага пратэсту – моцны супраціў рэжыму Лукашэнкі, які выразіўся падтрымкай альтэрнатыўных кандыдатаў. Потым сімвалам пратэсту стаў бел-чырвона-белы сцяг. Сцяг, які быў сімвалам БНР і потым незалежнай Беларусі да моманту, калі Лукашэнка змяніў яго на пачатку сваёй прэзідэнтуры. І эксперты згодныя, што беларусам быў патрэбны такі сімвал і гэта быў самы просты сімвал, які раней выкарыстоўваўся так званай традыцыйнай апазіцыяй. Аднак, адначасова характар гэтага народнага абуджэння ўсцяж нявызначаны. Адным з аўтаміфаў, які гэты пратэст стварыў на працягу месяцаў ёсць упэўненасць у тым, што пасля перамогі беларускаму грамадству не будзе патрэбная мадэрнізацыя. І мне здаецца, што гэта пакуль не абмяркоўваецца і за гэтым бел-чырвона-белым сцягам, я не заўважаю дыскусіі пра рэальную мадэрнізацыю беларускага грамадства.

Нягледзячы на думкі экспертаў з Польшчы, усцяж галоўная роля і самы важны голас застаецца ў беларусаў. Гэта яны павінны старацца і змагацца за сваю будучыню і свабоду. Усе выбары, якія яны робяць будуць мець свае вынікі, з якімі новая ўлада павінна справіцца. Так сустрэчу падсумаваў яе вядучы, рэдактар парталу «Новая ўсходняя Еўропа» Яраслаў Кацішэўскі:

-У мяне ўзнікае ўражанне, што гэтую сітуацыю прыкрывае вялікі туман. Гэта значыць, што мы не ў стане адназначна паставіць дыягназ або канкрэтныя ідэі выхаду з сітуацыі. Яна дынамічная, пастаянна развіваецца і ўсе адказы на гэты момант найперш у беларусаў. І гэта сіла гэтых перамен. Упершыню за многія гады, мы можам звонку сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Добра было б прызнаць выбраны беларусамі шлях з поўнай пашанай для іх рашэнняў і выпрацаваных напрамкаў. Так што, перад усім мы павінны слухаць беларусаў.

Беларусь, як адна з самых гарачых кропак на карце рэгіёну за апошнія паўгады, узбуджала вялікія эмоцыі і зацікаўленне панеламі. Адмыслоўцы, нягледзячы на розныя погляды наконт дэталяў, у адным згодныя – рэвалюцыя пераможа, а перамены непазбежныя.

Альберт Ежы Вяжбіцкі.