Свята Вялікадня асацыюецца з водарам здобнай выпечкі, прыбранымі паскамі, пісанкамі, сімвалічнымі фігуркамі куранят і ягнят, пачастункамі і хрыстосаваннем са словамі «Хрыстос Уваскрос!» – «Сапраўды Уваскрос! Апрача царкоўнага значэння Вялікдзень напоўнены таксама шматлікімі традыцыямі, адна з іх — гэта абрад валокання, які мае даўнюю гісторыю, хоць на Падляшшы ўжо знікае.
Валачобнікі, валокальнікі, алелюйнікі – у Беларусі іх называюць па-рознаму, але збольшага песні вельмі падобныя: гэта цэлы гадавы цыкл і пажаданні ўсялякага дабра для гаспадароў. У Беларусі гэтая традыцыя жывая, але адраджаюць яе не жыхары вёсак, а дамы культуры ці фальклорныя гурты.
Валокальнікі спявалі песні, у якіх звярталіся да сем'яў, гаварылі шчырыя віншаванні і жадалі хаце ўсялякіх даброт. А ад удзячных гаспадароў атрымлівалі абрадавыя дары: яйкi, сыр, каўбасы, булкі, цукеркі.
Валоканне засталося яшчэ ў Беларусі, у тым ліку ў выглядзе рэканструкцый абраду рознымі фальклорнымі групамі, гаворыць даследчыца-этнамузыколаг, выкладчыца і музыкантка Вольга Барышнікава. З ёй размаўляе Анна Пятроўская.
слухайце аўдыёфайл
відэа: валачобнікі на Падляшшы