Украіна з надзеяй глядзіць на новага прэзідэнта ЗША. Джо Байдэн вельмі добра ведае гэтую краіну і неаднаразова казаў пра неабходнасць падтрымліваць яе. Але новая адміністрацыя Вашынгтона таксама будзе ўважліва сачыць за ўкраінскімі рэформамі і барацьбой з карупцыяй, інфармуе Gazeta Wyborcza.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі быў адным з першых сусветных лідараў, якія павіншавалі Джо Байдэна з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Ва Украіне віталі перамогу дэмакрата, хоць Дональд Трамп таксама мае тут сваіх прыхільнікаў, якія нагадваюць, што Трамп заблакаваў будаўніцтва Nord Stream 2 і пагадзіўся на пастаўкі зброі Украіне.
З другога боку падчас тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Дональда Трампа Украіна двойчы была ўцягнутая ва ўнутраныя скандалы ў ЗША. Таму пасля перамогі Байдэна Кіеў чакае вяртання да зразумелых правілаў еўрапейскай палітыкі ЗША, пры захаванні жорсткай пазіцыі ў адносінах да Расіі.
Кіеў спадзяецца, што пад новым кіраўніцтвам ЗША могуць адыграць важную ролю ў спыненні вайны на Данбасе, Вашынгтон павялічыць ваенную дапамогу Украіне і пашырыць санкцыі супраць Расіі. ЗША таксама могуць падтрымаць Украіну на шляху да ейнага ўступлення ў НАТА.
Паводле каментатараў, Джо Байдэн разумее тое, чаго не разумее Дональд Трамп: Украіна змагаецца за незалежнасць і суверэнітэт, а ейны поспех будзе спрыяць бяспецы і стабільнасці Еўропы, што таксама адпавядае інтарэсам Амерыкі.
У ЗША ніколі не было прэзідэнта, які б так добра ведаў украінскую рэчаіснасць і закулісную палітыку. Як віцэ-прэзідэнт у 2009-2017 гадах Байдэн некалькі разоў наведваў Украіну. З моманту анексіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе ён фактычна кантраляваў амерыканскую палітыку ў дачыненні да Украіны. Ён добра ведаў прэзідэнта Пятра Парашэнку, лічыцца сябрам Украіны, які крытычна ставіцца да дзеянняў Крамля.
Падчас выбарчай кампаніі Байдэн пераконваў, што ў выпадку сваёй перамогі ён хацеў бы, каб Украіна стала адным з прыярытэтаў амерыканскай знешняй палітыкі. Што важна, Байдэн падкрэсліў, што ЗША павінны далучыцца да працэсу перамоваў з Расіяй па Крыме і Данбасе.
Аднак амерыканская падтрымка не будзе безумоўнай. Падчас выбарчай кампаніі Байдэн заявіў, што дапамога ЗША залежыць ад поспеху ў барацьбе з карупцыяй, уключаючы завяршэнне судовай рэформы.
Украінскія эксперты разумеюць, што ад поспеху рэформаў і барацьбы з карупцыяй залежыць далейшая інтэграцыя іх краіны з Захадам. Таму, на іх думку, Вашынгтон павінен падтрымаць Украіну на гэтым шляху, уключаючы адмену віз і ўвядзенне санкцый супраць людзей, якія тарпедуюць антыкарупцыйныя рэформы ва Украіне і паралізуюць працу органаў, створаных для гэтай мэты, канстатуе Gazeta Wyborcza.
аз