Расійскія ўлады пераконваюцца ў тым, што чым даўжэй яны падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, тым больш пашыраюцца антырасійскія настроі ў Беларусі. Надоечы расійскае выданне «Камерсант» апублікавала вынікі сацыялагічнага даследавання, з якога вынікае, што за апошнія некалькі месяцаў значна знізілася колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць інтэграцыю з Расіяй.
Крамлёўскія ўлады разумеюць, што чым даўжэй яны падтрымліваюць нелегітымнага прэзідэнта, тым больш страчваюць у вачах беларусаў. І таму Расія цяпер зацікаўленая ў сыходзе Лукашэнкі, – адзначае польскі гісторык і палітолаг, доктар гуманітарных навук Ежы Таргальскі (Jerzy Targalski).
- Далейшая падтрымка Лукашэнкі Расіяй немэтазгодная, паколькі гэта выклікае рост антырасійскіх настрояў у Беларусі, а таксама выклікае антаганізм у беларускім грамадстве, якое ўсё менш падтрымлівае інтэграцыю з Расіяй. Так што гэта ясны сігнал, чаго хацела б Расія.
Паводле даследаванняў, праведзеных сацыёлагам прафесарам Андрэем Вардамацкім, яшчэ ў чэрвені бягучага году 39% беларусаў хацелі б жыць у Расіі, а ў лістападзе гэта ўжо толькі 33%. У сваю чаргу лічба асоб, якія жадалі б жыць у Еўрапейскім Звязе, вырасла з 23% да 40%.
нг