Выданне Rzeczpospolita піша пра адносіны беларускай апазіцыі з крамлёўскімі ўладамі. Асабіста лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская не можа паехаць у Маскву, паколькі яна аб’яўлена ў Расіі ў крымінальны вышук, але прадстаўнікі яе каманды рэгулярна сустракаюцца з расійскімі ўладамі – сцвярджае крыніца газеты.
Ціханоўская дагэтуль не сустракалася з прадстаўнікамі ўладаў, дэпутаты Дзярждумы атрымалі нефармальную забарону ісці на перамовы з ёй, але на дадзены момант у Маскве знаходзіцца група людзей, якія прадстаўляюць Каардынацыйную раду. Па словах вядомага расійскага палітолага, кіраўніка звязанага з уладамі Цэнтру палітычнай інфармацыі Аляксея Мухіна, нядаўна адбылася дыскусія з удзелам Паўла Латушкі. Мухін кажа, што ў Маскве выдатна разумеюць настроі беларусаў і тое, што Лукашэнка, адцягваючы канстытуцыйную рэформу, правакуе радыкалізацыю пратэсту.
У аўторак Расійскі савет міжнародных спраў абнародаваў даклад, з якога вынікае, што большасць удзельнікаў пратэстаў пазітыўна ставіцца да Расіі, але яны расчараваныя, што Пуцін прызнаў перамогу Лукашэнкі. Кожны пяты ўдзельнік апытання мяркуе, што Расія павінна падтрымліваць пратэстуючых, а звыш 60% кажа, што Масква агулам не павінна ўмешвацца. Паводле апытаных, самым папулярным палітыкам у Беларусі з’яўляецца былы кіраўнік Белгазрапрамбанку Віктар Бабарыка.
Тэарэтычна такога чалавека ў якасці кандыдата ў прэзідэнты мог бы адобрыць Крэмль. Гэта адна з прычын, чаму Лукашэнка не жадае выпусціць Бабарыку з турмы, – азначае Рыгор Астапеня, які правёў даследаванне. Можа здзіўляць, што яго артыкул згадзіўся апублікаваць такі ўплывовы цэнтр. «Гэта сведчанне таго, што за ўсходняй мяжой Беларусі таксама разумеюць, наколькі мяняецца беларускае грамадства і што варта прыслухоўвацца да розных меркаванняў», – кажа Астапеня.
Працяг тэматыкі беларуска-расійскіх адносінаў, якую закранае Rzeczpospolita. Гаворка ідзе пра сустрэчу дзяржаў Арганізацыі дагавора па калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая прайшла на гэтым тыдні ў выглядзе відэаканферэнцыі. Актуальны стан арганізацыі так апісаў маскоўскі эксперт Аркадзь Дубноў: «На трак званай постсавецкай прасторы няма ўжо жадаючых уступіць у АДКБ, затое ёсць ахвотныя ўступіць у NATO. NATO – гэта рэальны хаўрус, а АДКБ – папяровы».
Падчас сустрэчы Уладзімір Пуцін стараўся ігнараваць агрэсіўныя выпады ў адрас Захаду Аляксандра Лукашэнкі. На форуме ваеннага хаўрусу Лукашэнка скардзіўся, што NATO ды ЗША канцэнтруюць свае войскі непадалёк ад заходняй мяжы Рэспублікі Беларусь і яны захочуць адарваць заходнія землі Беларусі. У сваю чаргу расійскі прэзідэнт казаў пра ўмяшальніцтва звонку ў справы Беларусі – фінансавай, прапагандысцкай і палітычнай падтрымцы апазіцыі, але ні словам не згадаў пра ваенную пагрозу з боку Захаду.
нг
«Ніводная постсавецкая дзяржава не баіцца Захаду», – гэтак Аркадзь Дубноў тлумачыць, чаму Расія падчас саміту не хацела абмяркоўваць ваеннай пагрозы з боку NATO, аб якой казаў Лукашэнка.