Беспрэцэдэнтнае рашэнне МАК наносіць удар па рэжыме Аляксандра Лукашэнкі. Усё з-за хвалі рэпрэсій супраць спартсменаў, паведамляе Руслан Шошын на старонках газеты Rzeczpospolita.
Міжнародны алімпійскі камітэт прыпыніў усякае супрацоўніцтва з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі і паўнамоцтвы беларускага камітэта па арганізацыі любых міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. Гэта тычыцца летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа ў наступным годзе і зімовых Гульняў у Пекіне 2022 года.
Старшыня МАК Томас Бах напісаў у заяве, што кіраўніцтва НАК Беларусі не абаранялa беларускіх спартсменаў ад палітычнай дыскрымінацыі. Гэта не здзіўляе, паколькі старшынёй Нацыянальнага беларускага камітэта з'яўляецца сам кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а яго старэйшы сын Віктар з'яўляецца першым намеснікам старшыні.
„Мы павінны звярнуцца ў суд і хай гэты Баху і ўся гэтая банда ў МАК дакажуць, у чым мая віна. У тым, што я абараняю сваю краіну? За што мяне караць?”, - пагражаў у аўторак Лукашэнка, не хаваючы эмоцый. Ён таксама скардзіўся на несправядлівасць.
У сваю чаргу беларусы, якія ўжо чатыры месяцы выходзяць на вуліцы і пратэстуюць супраць фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, задаволеныя гэтым рашэннем.
„Гэта гістарычнае і беспрэцэдэнтнае рашэнне. Яно напэўна ўвойдзе ў гісторыю Беларусі, а таксама ў гісторыю сусветнага спорту”, - cказала Аляксандра Герасіменія, двухразовая віцэ-чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане і бронзавая чэмпіёнка з Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 годзе.
Беларуская плыўчыха падтрымала паслявыбарчыя пратэсты ў краіне, таму ў верасні ўлады закрылі ейную школу плавання ў Мінску. Сёння яна ўзначальвае Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які дзейнічае ў Літве. Ён абараняе рэпрэсаваных спартсменаў, якіх арыштоўваюць, выкідваюць з алімпійскіх каманд і з працы.
Беларуская чэмпіёнка не ўтойвае, што таксама асабіста прычынілася да рашэння МАК, паводле якога кожны беларускі спартсмен, выключаны рэжымам з Алімпійскіх гульняў у будучым годзе, зможа прыняць у іх удзел. Падтрымку ён атрымае непасрэдна ад арганізацыі ў Лазане.
Старшыня МАК Томас Бах таксама запатрабаваў ад уладаў у Мінску тлумачэнняў адносна збіцця, катаванняў і арыштаў спартсменаў .
„Гэта псіхалагічны ўдар па Лукашэнку. Спорт - гэта многія гады любімая цацка рэжыму. Гэта непрыемнае рашэнне для яго (Лукашэнкі- рэд.), паколькі ён з задавальненнем ездзіць на Алімпіяды. Акрамя таго, арганізацыя, якой ён кіруе, страціла мільёны долараў”, - кажа ў размове з газетай Rzeczpospolita Валер Карбалевіч, вядомы беларускі палітолаг.
Паводле яго, яшчэ больш балючым ударам для Лукашэнкі было б адкліканне Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў 2021 годзе.
„Хакей для Лукашэнкі - справа асабістая, ён будаваў лядовыя палацы па ўсёй краіне, ініцыяваў уласны чэмпіянат і стварыў уласную каманду, якая кожны год перамагае”, - дадае палітолаг.
Першапачаткова Беларусь павінна была правесці гульні ў наступным годзе разам з Латвіяй, але Рыга адмовілася ад супрацоўніцтва з Мінскам. Старшыня МАК намякнуў, што рашэнне па гэтым пытанні Міжнародная федэрацыя хакея павінна прыняць у бліжэйшыя дні.
аз