У нядзелю, 13 снежня, прайшоў чарговы буйны марш супраць польскага ўраду. Нагода правядзення акцый была надзвычай сімвалічнай. У той дзень у 1981 годзе польская камуністычная ўлада пад кіраўніцтвам генерала Войцеха Ярузельскага ўвяла ваеннае становішча ў адказ на хвалю антыўрадавых пратэстаў, нагадвае Gazeta Wyborcza. Тады галоўнай апазіцыйнай сілай з'яўлялася вядомае прафсаюзнае аб’яднанне «Салідарнасць». Гэтым разам, амаль праз 40 гадоў, людзі ішлі пад рознымі лозунгамі, напрыклад, Страйку Жанчын, Камітэту абароны дэмакратыі і Страйку прадпрымальнікаў. Як можам прачытаць на Фейсбуку найбольш вядомай з гэтых груп Страйку Жанчын, «улада вядзе вайну з усімі: жанчынамі, моладдзю, настаўнікамі, урачамі, прадпрымальнікамі...».
Аб’яднаныя сілы згуртаваліся ў цэнтры горада і прайшлі пад дом лідара кіруючай у Польшчы кансерватыўна-каталіцкай партыі “Права і справядлівасць” Яраслава Качыньскага, каб выказаць свой пратэст. Некаторыя ішлі з іранічнымі плакатамі «ідзём разбудзіць Качыньскага», што з’яўлялася намёкам на тое, што Качыньскі ў 1981 быў адным з нямногіх дзеячаў «Салідарнасці», якія не трапілі пад рэпрэсіі, а 13 снежня нібыта спаў да поўдня ў моманце, калі ягоных калег арыштавалі. Ля дому кіраўніка партыі пратэстоўцаў чакалі кардоны паліцыі. Адбыліся сутыкненні, паліцыя прымяніла слезацечны газ.
Сярод пратэстуючых былі і дзеячы антыкамуністычнай апазіцыі 70-80 гадоў, у тым ліку Данута Курань, якая заклікала пратэстуючых да салідарнасці і змагання за свае правы і свабоды. Марш скончыўся а 15:30.
Gazeta Wyborcza/аев