Галоўныя падзеі тыдня – гэта працяг рэпрэсіяў. Сілавікі затрымалі пенсіянераў і каля 6 гадзінаў трымалі іх у металічным ангары на холадзе. Сярод іх была 89-гадовая бабуля з дачкой, якой 67 гадоў. Катаванне сапраўднае.
Асудзілі пенсіянерку Лізавету Бурсаву – за бел-чырвона-белы сцяг на балконе яе кватэры на Асаналіева, 58. Ёй 87 гадоў, яна цудам выжыла ў вайну, была чэмпіёнкай і рэкардсменкай СССР па кулявой стральбе. Кажа, што зноў дажыла да фашызму.
МАК пакараў чальцоў НАК РБ за рэпрэсіі супроць спартоўцаў, а тым ня менш, некаторыя чыноўнікі працягваюць супрацоўнічаць з імі. Кіраўнік хакейнай федэрацыі Рэнэ Фазель мае намер правесці ў РБ чэмпіянат свету па хакеі. А яшчэ ў Мінск на перамовы прыехаў кіраўнік Федэрацыі па лыжнай акрабатыцы.
ЕЗ прыняў трэці пакет санкцыяў супроць асобаў і фірмаў з РБ. Эксперты лічаць гэтыя санкцыі здзекам, бо ніколькі не шкодзяць яны дыктатару і ягоным паслугачам.
Цытата года ад Лукашэнкі: «У нас імунітэт які быў? Кавалак хлеба адабраў у сабакі – з’еў».
Польшча стала ворагам № 1 для Лукашэнкі і ягоных паслугачоў.
Кіраўнік Камітэту дзяржбяспекі Іван Церцель 17 снежня выступіў перад рабочымі і начальствам прадпрыемства «Гродна-Азот». «Наша Ніва» атрымала аўдыязапіс сустрэчы, прыводзім некаторыя цытаты:
«Мы затрымліваем па 5–6 шпіёнаў з Польшчы і Літвы штогод»; «Польшчай выдзяляюцца грошы, каб «узарваць» студэнцкія калектывы і рабочых. На забастоўкі грошы будуць выдзяляцца, мы ведаем, праз каго яны будуць ісці»; «Не зразумела, як яшчэ скончыцца сітуацыя ў Польшчы, яна ў іх нашмат больш сур’ёзная па шэрагу аспектаў, чым у нас. Гэта проста не асвятляецца. У Варшаве перакрываюць вуліцы, там маніфестацыі і масы народа кіруюцца іншымі мэтамі. У эканоміцы Польшчы сур’ёзныя праблемы і там практычна рухнула сістэма аховы здароўя на фоне кавіду, бо там трэба за ўсё плаціць. Медыцына платная, яна ўся развалена».
Поўная хлусня з невялікім зярняткам рэаліяў (медыцына ў Польшчы бясплатная, хаця сапраўды значна не хапае ёй фінансавання, але чамусьці лекары едуць з Беларусі ў Польшчу працаваць, а не наадварот – рэд.).
Лукашэнка: «Я нікуды не пабягу, каб вы ведалі. Нікуды. Мне шкада – гэта ўсё будзе пахерана, будзе як на Украіне– … Пакуль апошні амапавец і доктар сапраўдны не скажа: «Усё, Лукашэнка, ты сваю справу зрабіў», да таго часу я буду біцца за гэтую краіну. У мяне больш, акрамя яе, нічога няма».
«Калі ў нас у некаторых бальніцах там разумныя пачалі хістацца ў Мінску. Я сказаў – няма праблем, з Магілёва з Гомеля з Брэста з прывязем урачоў, дадзім ім жытло і яна будуць з задавальненнем працаваць, а гэтыя хай едуць у Польшчу. Можа і тут ёсць такія, навярняка… нехта ў Польшчу хоча – хай едзе, а мы возьмем украінцаў».
Уладзімір Падгол