Беларуская Служба

Сусветны камуністычны рух абураны генпракурорам Польшчы

29.12.2020 14:21
Камуністы свету намераныя пратэставаць супраць дэлегалізацыі іх польскіх таварышаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарMariusz Gaczynski/East News

На пачатку снежня польскі генеральны пракурор і адначасова міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра падаў хадайніцтва аб дэлегалізацыі Камуністычнай Партыі Польшчы (КПП). Гэта маргінальная група, якая ніколі не мела ўплыву на польскую палітычную сцэну – інфармуе газета Rzeczpospolita. Нягледзячы на тое, што ў Польшчы афіцыйна існуе забарона прапаганды камуністычных і таталітарных ідэалогій, КПП існавала, а зараз пра салідарнасць са сваімі таварышамі заяўляюць чарговыя камуністычныя партыі па ўсёй Еўропе. Свае звароты да польскіх і еўрапейскіх уладаў ужо стварылі камуністычныя партыі і арганізацыі Англіі, Грэцыі, Бельгіі, Іспаніі ды Расіі.

Самая вялікая і ўплывовая камуністычная партыя ў ЕЗ – Кампартыя Грэцыі напісала афіцыйны зварот у Еўракамісію па прычыне «спробы забараніць і сфальсіфікаваць гісторыю КПП» польскім урадам. Пакуль справа разглядаецца ў Канстытуцыйным судзе Польшчы, аднак, як лічыць старшыня партыі Кшыштаф Швей, сапраўдны пратэст і дэманстрацыя салідарнасці камуністаў свету чакаецца пасля публікацыі пастановы суда. Пакуль камуністычныя партыі Еўропы арганізавалі пікеты ля польскіх амбасадаў між іншым у Лондане ды Бруселі.

Спроба дэлегалізацыі КПП у Польшчы мае доўгую гісторыю – распачалася яшчэ ў 2013 годзе, калі дэпутат Барташ Каўнацкі падаў у пракуратуру заяву пасля таго, як польская кампартыя апублікавала «Рапарт Бурдэнкі» пра масавыя расстрэлы ў Катыні, паводле якога, у злачынстве вінаватыя немцы, а не сталінскі НКУС. Урэшце справа цягнецца да сёння, аднак заява Генеральнага пракурора можа стаць лёсавызначальным крокам у існаванні КПП. Як скончыцца справа пакуль няясна. Вядома аднак, што камуністы іншых краін, дзе яны з’яўляюцца важнымі палітычнымі сіламі, намераныя праяўляць салідарнасць са сваімі польскімі таварышамі.

Rzeczpospolita/аев

Міністр юстыцыі дабіваецца дэлегалізацыі Кампартыі Польшчы

06.12.2020 13:39
Пракуратура заявіла, што аналіз дзейнасці Камуністычнай партыі паказаў, што яе сябры ставяць пад сумнеў дэмакратычны лад Польшчы, заклікаюць да рэвалюцыі па ўзоры Кастрычніцкага перавароту ў Расіі 1917 года.