Беларуская Служба

Gazeta Wyborcza прысвяціла ўсё сваё выданне Беларусі

05.01.2021 14:42
Пачатковыя старонкі прысвечаныя выключна сітуацыі ў Беларусі.
Вокладка сённяшняй Газеты ВыборчайGazeta Wyborcza

Сёння ў шапіках па ўсёй Польшчы лунае бел-чырвона-белая зорка. І гэта не паэтычны пераказ нейкай атмасферычнай з’явы, а рэальны факт. Сёння першая польская апазіцыйная газета 90-х, Gazeta Wyborcza, прысвяціла сваё двухдзённае выданне беларускаму пратэсту. На вокладцы мы ўбачым бел-чырвона-белую зорку і вялікі напіс «Жыве Беларусь». Акрамя таго, можам прачытаць кароткі ўступ рэдактара і заснавальніка газеты Адама Міхніка. Ён падкрэслівае, што беларускія падзеі з’яўляюцца надзеяй для ўсёй постсавецкай прасторы, у тым ліку для грамадзянаў Расіі. Нагадвае таксама, што Газета Выборча была створаная ў падобных умовах – людзьмі, якіх збівалі праваахоўнікі, людзьмі, якія хацелі толькі жыць у сваёй, свабоднай краіне.

У выданні прачытаем таксама гісторыі беларускіх студэнтаў, якія за сваю грамадзянскую пазіцыю былі адлічаны, арыштаваны ды вымушаны пакінуць краіну. Чытачы ў Польшчы могуць таксама прачытаць пра ролю праваслаўнай царквы ў планаванай Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйнай рэформе. Пра тое, як залежны ад Масквы орган адклікаў мітрапаліта Паўла і заступіў яго лаяльным да рэжыму Веньямінам. Дадаткова, выданне прыбліжае палякам асобы беларускага пратэсту. Прачытаем у ім артыкул «Рэвалюцыя новых асоб», дзе аўтарка коратка расказвае пра самых важных персанажаў, якіх беларусы лічаць зараз героямі. Побач артыкул пра ахвяраў рэжыму Лукашэнкі і дзеянняў сілавікоў, а таксама зварот Святланы Ціханоўскай да палякаў, пра змест якога зможаце паслухаць у заўтрашнім аглядзе друку. А зараз больш падрабязна пра «рэвалюцыю новых асоб».

аев