Беларуская Служба

Жыхары горных рэгіёнаў не хочуць далейшых абмежаванняў

12.01.2021 15:44
Месца, якія жывуць на зімаым турызме апусцелыя, а дапамога пакуль не прыйшла да ўсіх.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnewelcomia/shutterstock.com

Усё больш кампаній паўстае супраць цяперашняй антыпандэмічнай палітыкі. Яны рыхтуюць позвы і абвяшчаюць аб адкрыцці бізнесу незалежна ад рашэння ўраду – чытаем у рэпартажы газеты Rzeczpospolita.

У панядзелак намеснік прэм'ер-міністра і міністр развіцця Яраслаў Говін заявіў, што прадстаўнікі горных мясцовасцяў атрымаюць падтрымку. На гэта ўрад гатовы выдаткаваць мільярд злотых: 700 мільёнаў у выглядзе дапамогі муніцыпалітэтам у горных раёнах і 300 мільёнаў у выглядзе змяншэння падатку на нерухомую маёмасць.

Аднак гэтага можа аказацца замала і занадта позна: эмоцыі патэнцыяльных бенефіцыянтаў ужо сягаюць зеніту. Себасцьян Пітонь, ініцыятар кампаніі пратэсту «Góralskie veto», выказаў сваю занепакоенасць, што наступствам цяперашняй палітыкі можа быць знішчэнне малых і сярэдніх фірм, а на рынку застанецца толькі дзяржава і буйныя кампаніі.

Горцы абвяшчаюць, што незалежна ад рашэння ўраду, яны ўсё роўна адкрыюць свой бізнес: лыжныя курорты, рэстараны і гасцініцы. Ініцыятыва #OtwieraMy, распачатая ў сацыяльных сетках, мае ўсё больш прыхільнікаў па ўсёй Польшчы. У турыстычных гарадах, куды ў гэта зімовы сезон нельга было прыехаць на адпачынак, церпяць таксама прадпрымальнікі, якія не звязаныя прама з турызмам. Гэта крамы з вопраткай ды аксесуарамі, якія не прадугледжаны ў праграме дзяржаўнай дапамогі «антыкрызісны шчыт».

Паводле вынікаў даследаванняў, праведзеных па запыце BIG InfoMonitor, ажно 36 адсоткаў прадпрыемстваў баіцца банкруцтва ў гэтым годзе. З іх 14 працэнтаў лічыць рызыку закрыцця вельмі высокай – піша Rzeczpospolita.

Выданне цытуе таксама выказванне прэзідэнта Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Цэзары Казмерчака – «У дадатак да пандэмічнага крызісу, мы ствараем гіганцкі эканамічны крызіс» – папярэджвае ён, заклікаючы ў адкрытым лісце да прэмʼер-міністра Маравецкага зняць абмежаванні і аднавіць эканоміку.

Rzeczpospolita/аев