Беларуская Служба

Матэвуш Маравецкі прапануе, каб пытаннем свабоды слова ў сацыяльных сетках заняўся Брусель

15.01.2021 14:19
Польскі прэм’ер заявіў, што для яго ключавым пытаннем з’яўляецца ахова свабоды слова ў Інтэрнэце.
Premier Mateusz Morawiecki
Premier Mateusz MorawieckiTwitter/Kancelaria Premiera

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі прапануе, каб пытаннем свабоды слова ў сацыяльных сетках заняўся Брусель. Блакаванне кіраўніцтвам Твітэра акаўнта Дональда Трампа прыцягнула вялікую ўвагу палітыкаў і грамадскай думкі да сацсетак – чытаем у выданні Rzeczpospolita.

Некалькі дзён таму польскі прэм’ер заявіў, што для яго ключавым пытаннем з’яўляецца ахова свабоды слова ў Інтэрнэце. Паводле інфармацыі крыніцы выдання, якая блізка звязана з Маравецкім, у гэтым годзе кіраўнік Рады міністраў будзе інтэнсіўна працаваць над урэгуляваннем дадзенай тэматыкі ў рамках Еўрапейскага саюза. Мінулы год паказаў, што Маравецкі ўмее дабіцца свайго на форуме ЕС, а без адабрэння супольнасці рашэнні ўнутры Польшчы не маюць сэнсу.

Польскі ўрад хоча ўзмацніць у палякаў пачуццё, што доступ да сацыяльных сетак свабодны і роўны. Гэта асноўная прадпасылка ўсёй стратэгіі. У Польшчы гістарычны досвед барацьбы з цэнзурай асабліва моцны. Дагэтуль сацсеткі – гэта быў козыр правых сілаў, менавіта ў іх рамках партыі «Права і справядлівасць» было прасцей пераканаць у слушнасці сваіх ідэй, – адзначае палітык кіруючай партыі.

Сацыяльныя сеткі не апраўдалі надзей, якія грамадствы на іх ускладалі. Сацсеткі абяцалі, што камунікацыя дзякуючы ім стане прасцейшай, а свет будзе лепшым месцам для жыцця. Абяцалі, што яны нас злучаць, каб свет стаў лепшы. Так, на жаль, не здарылася. Паявілася сур’ёзная праблема фэйкньюсаў, дэзынфармацыі, у выніку паявілася цэнзура, як хаця б блакаванне акаўнта Трампа – піша каментатар выдання Міхал Шулджыньскі.

нг