Беларуская Служба

У Расіі выкарыстоўваюць падобныя прэвентыўныя меры, як у Беларусі

01.02.2021 14:38
Улады выставілі супраць іншадумцаў усю Расгвардыю.
  , 31.01.2021
Пратэсты ў Расіі, 31.01.2021фота: PAP/EPA/SERGEI ILNITSKY

Польскія выданні шырока інфармуюць пра масавыя акцыі пратэсту ў Расіі. Gazeta Wyborcza паведамляе, што расіяне не далі ўладам сябе запужаць. Нягледзячы на вялікую мабілізацыю ў Крамлі і прэвентыўныя меры ўладаў, падобныя на тыя, што выкарыстоўвалі ў Беларусі, жыхары Расіі выйшлі на вуліцы ў абароне арыштаванага Аляксея Навальнага.

Улады выставілі супраць іншадумцаў усю Расгвардыю – унутраныя войскі, якія налічваюць 340 тыс. чалавек. Гэта ў тры разы больш, чым усе ўзброеныя сілы Польшчы. Генеральная пракуратура перасцерагла, што за ўдзел у масавых пратэстах пагражае нават восем гадоў зняволення, а за арганізацыю – 15 г.

У Маскве паліцыя затрымлівала людзей знянацку, выскокваючы з аўтазакаў, хапаючы каго папала. Затрымалі між іншым жонку Аляксея Навальнага – Юлію. А сімвалам пратэстаў стаў залаты туалетны ёршык, паколькі людзей вельмі раззлаваў фільм Навальнага пра шыкоўны палац Пуціна, дзе за адзін ёршык заплацілі сотні еўра.

Учорашнія пратэсты былі больш маштабныя, чым тыдзень таму, вечарам было вядома пра звыш чатырох тысяч затрыманых, хаця маніфестацыі яшчэ працягваліся. У СІЗА трапілі ў тым ліку і 82 журналісты, якім не дапамагалі камізэлькі з надпісам «Прэса».

нг