Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: «Сэрца рвецца ў Беларусь»

04.02.2021 17:35
Ціханоўская спадзяецца, што на гэты раз заходнія краіны не пойдуць на павадку Лукашэнкі і не дазволяць яму гандляваць палітвязнямі.
Святлана Ціханоўскаяфота: Тэлеграм-канал «Пул Першай»

У выданні Dziennik Gazeta Prawna вялікае інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Яна не згаджаецца, што пратэсты ў Беларусі спыніліся. Сапраўды, уладзе ўдалося гвалтам крыху панізіць актыўнасць людзей, але гэта не значыць, што яны пагадзіліся з сітуацыяй і згодныя цярпець Лукашэнку чарговыя гады. Вера людзей у перамены толькі ўзмацняецца, хаця гэтага можа і не відаць на першы погляд, бо пратэсты перасталі быць такімі масавымі, як у жніўні. Аднак Лукашэнка ўжо не адчувае сябе ўсёмагутным, як яшчэ нядаўна, ён вельмі баіцца. Ён штодзённа баіцца, што яго здрадзяць ягоныя ж сябры, ён нікому не давярае.

Ціханоўская спадзяецца, што на гэты раз заходнія краіны не пойдуць на павадку Лукашэнкі і не дазволяць яму гандляваць палітвязнямі. Дарэчы, з кім гандляваць, з нелегальным прэзідэнтам? Нельга весці перамоваў са злачынцамі. «Я спадзяюся, што самі беларусы вызваляць палітвязняў, у выніку перамоваў або яшчэ перад імі», – адзначае апанентка Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Трэція краіны павінны думаць над тым, як аслабіць рэжым кропкавымі санкцыямі і прэсінгам.

Ходзяць чуткі, што Расія імкнецца стварыць у Беларусі свой палітычны рух. На гэта Ціханоўская адказвае, што яна ніяк не рэагуе на такія чуткі. Былі часы, калі казалі, што Віктар Бабарыка або яе муж, Сяргей Ціханоўскі – прарасійскія кандыдаты, але калі Лукашэнка пасадзіў іх у турму, яны раптам сталі празаходнімі, паводле беларускай прапаганды.

Святлана Ціханоўская ўдзячная Польшчы за дапамогу, хаця ёсць, канешне, дробныя непаразуменні, як хаця б тое, што студэнты праграмы Каліноўскага не маюць права працаваць, а стыпендыя невялікая. Але агулам беларусы адчуваюць вялікую салідарнасць палякаў. І гэта дае сілу змагацца.

нг