Беларуская Служба

Кіраўнік дыпламатычнай службы ЕЗ у агню крытыкі за візіт у Расію

08.02.2021 13:36
Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ стаў аб'ектам жорсткай крытыцы пасля сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Расіі.
Аўдыё
  • У Еўропе крытыкую дыпламатаў за правал візіту ў Расію
Здымак мае ілюстрацыйны характарEuropean Union, 2021 Source: EC - Audiovisual Service

У першую чаргу за тое, што ён не зрэагаваў, калі Сяргей Лаўроў крытыкаваў Еўрапейскі Звяз і ЗША, не згадаў пра расійскую агрэсію супраць Украіны і магчымыя санкцыі за арышт Аляксея Навальнага. Эксперты кажуць пра памылковы палітычны сігнал, а еўрадэпутаты дамагаюцца адстаўкі Жазэпа Барэля.

У суботу кіраўнік Вонкавай службы Еўрапейскага Звязу Жазэп Барэль у суботу завяршыў афіцыйны візіт у Маскву, падчас якога ён размаўляў з кіраўніком расійскага Міністэрства замежных спраў Сяргеем Лаўровым. Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі Лаўроў раскрытыкаваў Еўразвяз і ЗША.

- Сілавы ціск, ультыматумы, санкцыі, пакаранне ўсіх, хто хоча развіваць нармальныя адносіны шляхам увядзення экстэрытарыяльных абмежаванняў – гэта метады з каланіяльнага мінулага. На жаль Еўразвяз усё больш сам пачынае карыстацца гэтымі інструментамі, якія з'яўляюцца фірмовым знакам ЗША.

З боку еўрапейскага дыпламата не было ніякай рэакцыі на гэтыя словы. Жазэп Барэль казаў пра патрэбу дыялогу і захавання каналаў камунікацыі, прававыя механізмы.

- Вядома, што празмернае выкарыстанне сілы не толькі ў Расіі здараецца. Такое здаралася і ў Злучаных Штатах. Завяраю Вас, што мы прымалі адозвы з асуджэннем празмернага выкарыстання сілы. Калі гэта здараецца ў прававой дзяржаве, тады ўмешваецца судовая сістэма. Выпадкі злоўжывання ўладай разглядаюцца ў судзе, ёсць механізмы, каб упарадкаваць справу. Ідзецца пра адказнасць – палітычную ды людзей, якія кепска сябе паводзілі. Гэта перавага моцнай прававой дзяржавы.

Расійскія ўлады паказалі, што яны думаюць пра дыялог, выдаляючы з краіны трох дыпламатаў з Польшчы, Германіі ды Швецыі. Гэта адбылося падчас візіту. У выніку ў Еўропе эксперты назвалі прыезд Барэля – кампраметацыяй. Гаворыць каментатар Польскага радыё Павал Лекі.

- Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў сказаў ананімна, што візіт завяршыўся горш, чым прагназавалі песімісты. У Маскве Барэля прынізілі. Візіт стаў іміджавай катастрофай для Еўразвязу. Маўчанне Барэля пасля крытыкі Крамля выклікала скандал у Еўропе.

Візіт Барэля ў Маскву стаўся памылкай, перакананы палітолаг з Лодзінскага ўніверсітэту Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі.

- Гэта быў памылковы палітычны сігнал. Тым больш, калі ўзяць пад увагу агучаную рыторыку. Сам прыезд у такі момант азначае, што Еўразвяз высылае на мове дыпламатыі сігнал пра жаданне ўтрымаць нармальныя стасункі, весці бізнес, як бы нічога не здарылася. Так гэта будзе ўспрынятае ў Крамлі. На маю думку, гэта памылка і парушэнне інтарэсаў часткі краін Еўропы. Асабліва калі ідзецца пра Цэнтральную Еўропу. Дарэчы, Польшча, краіны Балтыі ды Вялікабрытанія пратэставалі супраць гэтага кроку.

Візіт быў сыры ды падрыхтаваны, сведчыць пра слабае веданне еўрапейцамі сітуацыі ў Расіі, зазначае палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Гэта быў сыры ды непадрыхтаваны візіт. Спроба набраць нейкія незразумелыя плюсы, калі ўсё атрымаецца.

Прыніжэнне, папсаваная рэпутацыя, так зрэагавалі на візіт еўрадэпутаты. У Еўрапейскім парламенце пачалі збіраць подпісы пад патрабаваннем аб адстаўцы Барэля пасля наведвання Расіі.

Сам кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі заявіў, што Расія не выкарыстала шанца на дыялог і цяпер Еўропе застаецца толькі мова санкцый. Асабліва пасля выдалення еўрапейскіх дыпламатаў.

Юры Ліхтаровіч