Беларуская Служба

Польскія СМІ пратэстуюць супраць новага падатку ад медыярэсурсаў

10.02.2021 12:58
Гэта першы выпадак у гісторыі, калі польскія СМІ пратэстуюць разам.
Такую карціну бачаць сёння ўсе чытачы недзяржаўных СМІ«СМІ без выбару»

Сёння сайты і першыя старонкі недзяржаўных СМІ вітаюць сваіх чытачоў адным сказам – «Медыя без выбару». Гэта пратэст супраць планаў увядзення новага падатку ад медыярэсурсаў, якія абвесціў польскі ўрад. Да пратэсту далучылася больш за 40 выдавецтваў, сярод якіх буйныя тэлебачанні як TVN, Polsat, газеты Rzeczpospolita, Dziennik Gazeta Prawna, сайты Interia, wp.pl і шмат іншых.

Гледачы ўжо ноччу не змаглі паглядзець матчаў тэніснага турніра Australian Open, бо польскі аддзел Eurosport паказваў толькі надпіс «тут павінна быць вашая любімая праграма». Раніцай і ўсе астатнія СМІ паказваюць толькі чорны экран. У адкрытым звароце да польскіх уладаў і лідараў палітычных партый медыявыдаўцы заклікаюць спыніць працэс увядзення новага падатку ад рэклам. Паводле іх, новая плата ўдарыць па маленькім, лакальным медыярэсурсам, якія выжываюць дзякуючы рэкламам, каторыя публікуюцца на іх сайтах або ў газетах.

Выдаўцы занепакоеныя працэсам абмяжоўвання доступу грамадзян да розных СМІ, што ў выніку, паводле іх, можа давесці да рэзкага абмежавання свабоды слова і дазволіць дзяржаўным СМІ фармаваць грамадскую думку.

Паводле планаў падатак мае быць «падаткам салідарнасці», а грошы, якія выдаўцы аддадуць будуць накіраваны на барацьбу з пандэміяй і яе наступствамі. Нягледзячы на гэта, прадстаўнікі СМІ ў сваім звароце інфармуюць, што падчас пандэміі яны выконвалі і выконваюць сваю місію, не толькі інфармуючы, але і арганізоўваючы дабрачынную дзейнасць. Калі падатак будзе ўведзены – невядома. Вядома аднак, што сёння палякі маглі ўбачыць як выглядае тэлебачанне і інтэрнэт без недзяржаўных СМІ.

польскія СМІ/аев