Беларуская Служба

Уплывовы сенатар-дэмакрат заклікае Белы дом пашырыць санкцыі за Nord Stream 2

10.03.2021 12:21
Голас Роберта Менендэса тым больш важны, што ён не з’яўляецца прадстаўніком асяроддзя рэспубліканцаў.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Уплывовы амерыканскі сенатар Роберт Менендэс заклікаў адміністрацыю Джо Байдэна „паскорыць намаганні” па ўвядзенні далейшых санкцый супраць удзельнікаў праекта Nord Stream 2, паведамляе сайт energetyka24.com.

Кіраўнік камітэта па замежных справах Сената ЗША падкрэсліў у інтэрв'ю журналістам, што, хаця праца над абмежаваннямі вядзецца, але трэба яе паскорыць. Гэта чарговы заклік да больш цвёрдай пазіцыі ў адносінах да Уладзіміра Пуціна. Голас Менендэса тым больш важны, што ён не з’яўляецца прадстаўніком асяроддзя рэспубліканцаў.

Некалькі дзён таму сенатар-рэспубліканец Тэд Круз папярэдзіў, што будзе блакаваць кандыдатуру Уільяма Бернса на пасаду дырэктара ЦРУ, пакуль адміністрацыя Джо Байдэна не пашырыць санкцыі за Nord Stream 2.

На пачатку месяца група з сарака сенатараў на чале з Джонам Барасо з Ваёмінга выступіла з лістом, у якім крытыкавала Джо Байдэна за яго рашэнне не ўводзіць новыя санкцыі супраць суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у праекце Nord Stream 2.

„Мы пішам, каб выказаць глыбокую занепакоенасць адмовай адміністрацыі ўвесці санкцыі ў дачыненні да суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у праекце  Nord Stream 2”, - напісалі сенатары. На іх думку, такое стаўленне „(...) сведчыць пра гатоўнасць дазволіць прэзідэнту Пуціну ўзяць пад кантроль пастаўкі газу ў Еўропу”. Асабліва ўлічваючы той факт, што будаўніцтва трубы ідзе поўным ходам, а інфармацыя пра караблі і кампаніі, якія ўдзельнічаюць у праекце, з'яўляецца агульнадаступнай.

аз