Беларуская Служба

У. Падгол: «Лукашэнка ні словам не заікнуўся аб тых, хто мог прычыніцца да катастрофы ў Баранавічах»

22.05.2021 09:00
Каментатар згадвае пра важнейшыя падзеі тыдня ў Беларусі.
Аўдыё
Уладзімір Падголradyjo.net

У сярэдзіне тыдня ў беларускім войску аб’явілі пра вучэнні ракетных войскаў. Усе віды ракет і іх экіпажы выйшлі на палігоны для вучэбнай стральбы. «Да праверкі прыцягнутыя вайсковыя часткі і падраздзяленні комплексаў тактычных ракет «Кропка-У», рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз«, «Смерч«, «Ураган«.

А на наступны дзень стала вядома, што падчас вучэнняў лётчыкаў, на Баранавічы ўпаў самалёт, двое афіцэраў з беларускага войска загінулі. Генералы сталі цвердзіць, што падчас палёту ў самалёта сапсаваліся ўсе сістэмы кіравання: і асноўная, і рэзервовая. Хаця невядома, як маглі так хутка расшыфраваць чорныя скрыні. Вось так бывае, што прапагандысты дыктатара з лета 2020 цвердзяць пра войскі НАТА, якія накопліваюцца ля мяжы з РБ і маюць намер для агрэсіі. А тут, падчас вучэнняў нашы афіцэры гінуць на сваёй тэхніцы над сваімі гарадамі.

Лукашэнка тут жа знайшоў ворагаў лётчыкаў, якія, па яго словах, дрэнна напісалі пра герояў. І загадаў кіраўніку КДБ знайсці гэтых мярзотнікаў і пакараць. Цікава, што ён ні слова не сказаў пра тых, хто даглядаў самалёт і дапусціў няспраўную тэхніку да палётаў, ці правяраў самалёт падчас пакупкі.

 

Сайт ТУТ.БАЙ закрыты. Каля 15 супрацоўнікаў і журналістаў арыштаваныя. Іх вінавацяць у нявыплаце падаткаў. Усе аналітыкі пішуць, што ўладатрымальнікі зачышчаюць інфармацыйную прастору перад выбарамі і рэферэндумам па Канстытуцыі. Але ж, звярніце ўвагу на такую акалічнасць. Блакаванне працы тут.бая супала з выхадам на волю журналісткі тут.бая Кацярыны Барысевіч. Яна адседзела паўгода за кратамі за тое, што быццам бы раскрыла асабістыя звесткі стану здароўя збітага Рамана Бандарэнкі. Яна ўзяла інтэрв’ю ў доктара, які ставіў дыягназ Бандарэнку. Доктар сказаў, а Барысевіч надрукавала пра тое, што хлопец, які загінуў ад рук невядомых, быў абсалютна цвярозы. А Лукашэнка на ўвесь свет заявіў, што ў Бандарэнкі ў крыві быў алкаголь, што ён быў п’яны. Такім чынам, ТУТ.бай выкрыў хлусню ў словах кіраўніка РБ. Думаю, што Л. гэта не мог дараваць. Тым больш, што надалей лекары не пайшлі на фальшаванне дакументаў Бандарэнкі. Наступствам гэтага двубою стала тое, што сусветная федэрацыя хакею адабрала права праводзіць чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску. Бо сярод тых, хто хапаў Бандарэнку, западозрылі кіраўніка федэрацыі хакею РБ, асабістага трэнера Міколы Лукашэнкі. Такім чынам спачатку забілі Рамана Бандарэнку, а потым зрабілі замах на знішчэнне ТУТ.бая.

 

Першы ліст Рыгора Кастусёва да сям’і быў працяты клопатам за гарод. Да БНФ, які ўзначальваў Кастусёў, звароту няма. Пра незалежнасць таксама.

А вось на гародзе Сяргея Антончыка міліцыянты знайшлі камяні. На адным – бчб сцяг, на другім – выява Пагоні, на трэцім – сцяг ЭЗ. Камень са сцягам ЭЗ міліцыянты не кранулі. А вось бчб камень і Пагоню забралі. Антончыка судзілі, прысудзілі сплаціць недзе 780 рублёў.

Антончык распавядаў, што планаваў на сваім лецішчы зрабіць выставу камянёў з выявамі сцягоў краінаў ЭЗ. А на адным з камянёў проста напісаць, што тут мусіць быць бчб сцяг.

 

Адам Міхнік, галоўны рэдактар аднаго з найбуйнейшых польскіх выданняў «Газэта Выборча», які быў палітвязнем у часы, калі Польшча была падкантрольная СССР, а цяпер – адзін з самых уплывовых людзей Польшчы, напісаў адкрыты ліст начальніку СІЗА №1 Мінска Андрэю Цэдрыку. Менавіта за сценамі «Валадаркі» ужо амаль два месяцы знаходзіцца Андрэй Пачобут, шматгадовы карэспандэнт «Газэты Выборчай». Яму і яшчэ чацвярым актывістам недзяржаўнага Саюза палякаў выстаўленае абвінавачанне ў «распальванні нацыянальнай варажнечы».

Міхнік апублікаваў свой адкрыты ліст на Wyborcza.pl:

«Паважаны Андрэй Міхайлавіч! У СІЗА №1, якое Вы ўзначальваеце, з 25 сакавіка 2021 года знаходзіцца наш калега, карэспандэнт «Газэты Выборчай» Пачобут Андрэй Станіслававіч, – піша Міхнік. – Яго справа і абвінавачанні супраць яго, у чым мы глыбока ўпэўненыя, маюць прыроду беспадстаўных і незаконных палітычных рэпрэсій, накіраваных на жаданне ўлад супраць сумленнага і дастойнага даверу журналіста і, у цэлым, супраць прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі. Такім чынам, гэтыя рэпрэсіі адпавядаюць рысам этнічнай чысткі, з’явы, якая можа ды павінна быць расследаваная згодна з міжнародным правам.

Асабіста Вы, Андрэй Міхайлавіч, зразумела, не маеце ўплыву на характар абвінавачванняў Пачобута А.С., на ход расследавання або магчымы вердыкт. З другога боку, менавіта Вы цалкам адказны за лёс вязня падчас яго зняволення.

Таму мы хацелі б, каб Вы ведалі: тое, што адбываецца падчас арышту з Пачобутам А.С., закранае не толькі нас, яго калег па рэдакцыі, але і журналісцкую супольнасць ва ўсёй Польшчы. Пачобута ведаюць, шануюць і паважаюць. Доказ гэтага – тое, што ў 2011 годзе ён быў прызнаны польскім журналістам года, што ў нашай краіне з’яўляецца найвышэйшай журналісцкай узнагародай.

Нягледзячы на інфармацыйную блакаду, мы ўважліва сочым за лёсам Пачобута А.С. падчас яго зняволення. Калі высветліцца, што яго правы як вязня парушаюцца, мы гатовыя і здольныя ўзняць грамадскі рэзананс у Польшчы і іншых краінах, а таксама звярнуцца да міжнародных інстытутаў, каб настойліва дабівацца пакарання вінаватых.

Шчыра ваш,

Адам Міхнік, галоўны рэдактар «Газэты Выборчай».

 

Дырэктарка тэлеканалу Белсат Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў сваім Фэйсбуку, што старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс прапанавалі вызваленне са следчага ізалятару ўзамен на выезд з Беларусі.

«Навакольным шляхам я атрымала некаторую інфармацыю пра тое, што Анжаліцы Борыс прапанавалі вызваленне ўзамен на згоду аб дэпартацыі з Беларусі. Яна адмовілася. Выглядае, што аналагічная прапанова была зроблена і Андрэю Пачобуту, і адказ быў ідэнтычны. Мабыць (але я магу тут напісаць толькі «нібыта«), Ірэна Бярнацкая сказала ні так, ні не, а Марыя Цішкоўская была гатовая пагадзіцца. Бадай, Ганна Панішава знаходзіцца не ў лепшым фізічным і псіхічным стане», – напісала Рамашэўска-Гузы.

Паводле яе, дакладную інфармацыю немагчыма атрымаць, бо ад адвакатаў улады патрабуюць маўчання, пагражаючы пазбаўленнем ліцэнзіі. Сем’і арыштаваных не маюць магчымасці сустрэч, а ліставанне абмяжоўваюць.

«Такога стаўлення да вязняў не было нават у Польшчы падчас ваеннага становішча», – напісала Рамашэўска-Гузы.

 

Уладзімір Падгол