Беларуская Служба

«Ні Лукашэнка, ні Ціханоўская не з'яўляюцца прэзідэнтам Беларусі»

31.05.2021 17:47
Прысягі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён прыняў у верасні 2020, не прызнала ніводная дэмакратычная краіна.
Аўдыё
  • Крызіс прэзідэнцкі ў Беларусі не вырашыцца хутка
Выбарчы пікет Святланы ЦіханоўскайPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

У выніку сёння Беларусь афіцыйна не мае кіраўніка, а Лукашэнка выконвае яго абавязкі, нягледзячы на адсутнасць прызнання за мяжой і ўнутры краіны. Ці існуе спосаб вырашыць гэты крызіс? На гэтае пытанне адказ стараліся знайсці адмыслоўцы падчас канферэнцыі Bielweek.

Святлана Ціханоўская сустракаецца з прэзідэнтамі, міністрамі і палітычнымі лідарамі па ўсёй Еўропе, а Аляксандр Лукашэнка ездзіць выключна да Уладзіміра Пуціна. Аднак, нягледзячы на колькасць сустрэчаў з прадстаўнікамі палітычных элітаў, афіцыйным прадстаўніком краіны і фактычным кіраўніком з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка. Тое, што хутчэй за ўсё ён не перамог на прэзідэнцкіх выбарах, не азначае, што ён нелегітымны. Аднак нельга казаць, што легітымным прэзідэнтам з’яўляецца Святлана Ціханоўская, канстатуе прафесар Дэйвід Мерплс з канадскага Альбертскага ўніверсітэта.

-Мой адказ наступны: няма легітымнага прэзідэнта Беларусі. Я амаль упэўнены, што на выбарах перамагла Ціханоўская ў першым туры з падтрымкай больш чым 50%. Аднак праверыць гэта немагчыма. Калі Лукашэнка сказаў, што выйграў з 80-працэнтнай падтрымкай, то ніхто не мог у гэта паверыць. Раней таксама мала хто верыў, але гэтым разам давер быў найменшы за ўсю гісторыю. Я б яшчэ заўважыў адно – удзел жанчын у выбарах. Кампанія Ціханоўскай праводзілася трыма жанчынамі, і тысячы людзей прыходзілі ў кожны горад. І гэта паказала, што народ стомлены Лукашэнкам. Ён не мог нічога новага запрапанаваць людзям. Уладу ён утрымаў дзякуючы выключна спецслужбам і пагрозе ўмяшальніцтва арміі, у тым ліку расійскай. Выкраданне самалёта толькі прадэманстравала адчайнасць Лукашэнкі. Яму няма куды ехаць за падтрымкай, як толькі к Пуціну. Ён сам сябе ізаляваў. Варта аднак не дапусціць, каб людзі не траплялі ў ізаляцыю разам з ім у выніку санкцый, забароны палётаў “Белавіі” і закрытых межаў.

І хоць заходнія краіны пастаянна выказваюць сваю падтрымку беларускаму дэмакратычнаму руху, то афіцыйна ніхто не прызнаў Ціханоўскай прэзідэнтам. Гэта ўрок, які вывучылі са сваіх ранейшых дзеянняў краіны Захаду на чале з ЗША, кажа прафесар Робэрт Інгліш з Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі.

- Прызнанне Ціханоўкай – даволі складаны для ЗША крок, гледзячы на апошнія рухі пасля выбараў у іншых краінах. Такія прыклады мелі непрыемныя наступствы. Я кажу пра Хуана Гуайдо і Венесуэлу. Захад думаў, што калі прызнаць яго лідарам краіны і ўвесці эканамічны ціск, то рэжым Мадуры падзе. Так не адбылося. Падобная сітуацыя назіралася ў Іраку і Афганістане. Аказалася, што падтрымка на месцы для заходніх кандыдатаў там была меншай, чым мы ўсе думалі. І з гэтай гісторыяй апошніх няўдач адміністрацыя Байдэна будзе дзейнічаць больш асцярожна. Ціханоўская прыедзе ў Белы дом не як прэзідэнт, а як сімвал дэмакратычнага працэсу. Варта сказаць, што яна не кажа пра сябе як пра выбраную прэзідэнтку, а як лідарку дэмакратычнага руху. І ў Беларусі важнейшымі ад змены чалавека на пасадзе прэзідэнта павінны быць рэформы, якія прывядуць да таго, што ў нас не будзе больш падобных праблемаў. Найважнейшае пытанне гучыць наступным чынам: ці магчыма знайсці выхад з сітуацыі, які падтрымаюць і Вашынгтон, і Масква і Брусель? Бо мы ўсе хочам змены ўлады.

Калі Захад падтрымаў дэмакратычныя перамены ў Беларусі, то ў выпадку Расіі сітуацыя выглядае інакш. Але гэта таксама неадназначна. Расія таксама можа стаміцца ад Лукашэнкі і ў выніку спыніць сваю падтрымку дыктатара. Пакуль аднак Крэмль назірае за сітуацыяй, кажа журналіст Міхал Патоцкі.

-На маю думку Пуцін не хацеў мяняць прэзідэнта Беларусі летась. Ён хацеў зрабіць Лукашэнку настолькі слабым, як гэта толькі магчыма, для таго, каб прымусіць яго прыняць умовы інтэграцыі. І мне здаецца, што ў гэтым заключаецца розніца. Я думаю, што матывацыя для Бабарыкі і Цапкалы стаць кандыдатамі прыйшла знутры сістэмы, не з Масквы. Чаго не хапала? Расколу ў арміі і спецслужбах. Без такой падтрымкі ніводзін прадэмакратычны пратэст не пераможа ў аўтарытарнай дзяржаве. Мы бачылі ўжо розныя прыклады ў гісторыі. Я бачу два сцэнары развіцця беларускай сітуацыі: першы – гэта новая хваля пратэстаў, ужо з расколам у спецслужбах, што магчыма, калі яны ўбачаць, што Лукашэнка стварае дадатковую пагрозу для іх. Калі ён будзе паводзіць сябе непрадказальна – гэта магчыма. Другі сцэнар – гэта калі Расія адчуе, што ёй ужо «хопіць», і адбудзецца нейкі прарасійскі пераварот. Так што ў пытанні будучай сітуацыі мы павінны глядзець на тое, што адбываецца ўнутры арміі, міліцыі і КДБ.

Беларускі прэзідэнцкі крызіс - гэта не пытанне аднаго рашэння. Тут сустракаюцца розныя бакі канфлікту - як унутранага, так і знешняга. І гэты крызіс не вырашыцца за адзін дзень, нават калі Расія ці Захад вырашаць умяшацца больш рашуча ва ўнутраныя справы Беларусі. Пасадзіць свайго чалавека на прэзідэнцкае крэсла – не праблема як для аднаго, так і другога бакоў. Важна тое, каб гэты прэзідэнт пратрымаўся, а для гэтага неабходная падтрымка грамадства.

аев