Беларуская Служба

Растучая магутнасць Кітая і агрэсіўныя паводзін Расіі – асноўныя пагрозы краінам НАТА (ФОТА)

15.06.2021 11:09
Лідары НАТА таксама згадзіліся, што пагрозай для стабільнасці ў рэгіёне з‘яўляецца Беларусь і падкрэслілі вайсковыя сувязі краіны з Расіяй.
Аўдыё
  • Растучая магутнасць Кітая і агрэсіўныя паводзін Расіі – асноўныя пагрозы краінам НАТА.
C
Cаміт НАТА ў БруселіPAP/EPA/Horst Wagner / POOL

Лідары Паўночнаатлантычнага альянсу перасцерагаюць перад ростам магутнасці Кітая і агрэсіўнымі паводзінамі Расіі. Згаданыя пагрозы былі названыя ў выніковай дэкларацыі ўчарашняга саміту НАТА ў Бруселі.

Гэта менавіта рост значэння Кітая і Расіі ў свеце з'яўляецца адной з прычын доўгатэрміновых рэформаў НАТА. Краіны альянсу лічаць, што і Расія, і Кітай кінулі пальчатку сусветнаму парадку, заснаванаму на дэмакратыі і міжнародным праве.

Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг. Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET / POOL

Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг ахарактарызаваў абедзве краіны як «аўтарытарныя рэжымы». Ён падкрэсліў, што ўзмацненне ўплыву Кітая ў свеце пагражае бяспецы НАТА:

- Мы занепакоеныя тым, што Кітай выкарыстоўвае сілавую палітыку, якая супярэчыць асноватворным прынцыпам, замацаваным у Вашынгтонскім дагаворы. Кітай імкліва пашырае свой ядзерны арсенал, павялічваючы колькасць боегаловак і якасных сістэм.

Альянс таксама занепакоены дэзынфармацыяй, якая паступае з Кітая і заклікаў Пекін прытрымлівацца міжнародных пагадненняў. Енс Столтэнберг таксама прызнаў, што адносіны паміж Захадам і Расіяй доўгі час не былі настолькі дрэннымі, як цяпер:

- Нашы адносіны з Расіяй знаходзяцца на самым нізкім узроўні з часоў «халоднай вайны». Агрэсіўныя паводзіны Масквы – гэта пагроза нашай бяспецы.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. PAP/Radek Pietruszka Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. PAP/Radek Pietruszka

Згаданае меркаванне падтрымлівае таксама прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

- На жаль пагроза з боку Расіі надалей актуальная. Рознага роду агрэсіўныя паводзіны Расіі – адна з найбольш сур’ёзных пагрозаў у геапалітычнай прасторы, асабліва нашай часткі Еўропы.

На гэтую тэму прэзідэнт Анджэй Дуда размаўляў таксама з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Амерыканскі лідар запэўніў, што разумее значэнне бяспекі краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у тым ліку Польшчы:

- Ён быў архітэктарам ідэі далучэння згаданых краін да НАТА. Таму пытанне бяспекі іх грамадзянаў, як членаў НАТА, блізкае сэрцу Джо Байдэна. Гэта для нас станоўчая навіна.

Лідары краінаў-членаў НАТА таксама згадзіліся, што пагрозай для стабільнасці ў рэгіёне з‘яўляецца Беларусь і падкрэслілі вайсковыя сувязі згаданай краіны з Расіяй.

Адказам Захаду на новыя пагрозы, у тым ліку звязаныя з узмацненнем уплыву Расіі і Кітая ў свеце, з’яўляецца шырокамаштабная рэформа альянсу. Краіны НАТА плануюць больш цесна супрацоўнічаць не толькі ў пытаннях абароны, але і ў эканамічных і тэхналагічных пытаннях.

Альянс таксама плануе стварыць інавацыйны цэнтр і супрацоўнічаць са стартапамі і тэхналагічнымі цэнтрамі. Кіраўнікі краін НАТА таксама вырашылі ўзмацніць стратэгію абароны і стрымлівання, а таксама сумесную абарону ключавой інфраструктуры ў асобных краінах-членах.

Прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET / POOL Прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET / POOL

На заканчэнне саміту прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што ЗША не шукаюць канфлікту з Расіяй, але гатовыя адказаць на пагрозы. Журналісты цікавіліся планаванай на сераду ў Жэневе яго сустрэчай з прэзідэнтам Расіі:

- Я прадстаўлю прэзідэнту Пуціну нашую выразную пазіцыю, паводле якой ёсць магчымасці для супрацоўніцтва, зразумела, калі ён у гэтым зацікаўлены. Аднак, калі Расія вырашыць дзейнічаць па-ранейшаму і ў такіх сферах, як, напрыклад, кібербяспека, тады мы адкажам.

Прэзідэнт Байдэн дадаў таксама, што калі раптам нешта дрэннага здарыцца з адным з галоўных апанентаў Расіі Аляксеем Навальным, які ў цяперашні час знаходзіцца ў калоніі, гэта будзе чарговы доказ, што Расія не намерваецца прытрымлівацца правоў чалавека. «Гэта будзе трагедыяй. Гэта сапсуе адносіны Расіі з астатнім светам і са мной асабіста», – дадаў прэзідэнт ЗША.

Ён таксама паўтарыў пасланне, з якім прыбыў на саміт НАТА ў Бруселі, то бок значэнне Артыкула 5-га дамовы аб НАТА, то бок прынцыпу «адзін за ўсіх, усе за аднаго»:

- Артыкул 5-ы для нас – святы абавязак. Я ўвесь час нагадваю амерыканцам, што калі на нас напалі, НАТА ўмяшалася на падставе згаданага артыкула. Таму я хачу, каб Еўропа ведала: мы з вамі.

Станоўча вынікі саміту НАТА ў Бруселі ацаніў прэзідэнт Украіны. Гаворка ідзе, перш за ўсё пра перспектыву членства яго краіны ў альянсе. Аднак Уладзімір Зяленскі хацеў бы пачуць канкрэтныя даты, калі яго краіна можа перайсці да наступных этапаў інтэграцыі, падкрэслівае карэспандэнт Польскага радыё Павел Бушка:

- Як паведамляе прэс-служба Уладзіміра Зяленскага, Украіна вітае заявы саміту НАТА аб тым, што Кіеў стане членам альянсу, а План дзеянняў па членстве стане неадʼемнай часткай гэтага працэсу. Аднак, як ён адзначыў, у выніковай дэкларацыі ўчарашняга саміту адсутнічаюць канкрэтныя тэрміны набліжэння да НАТА, на якія разлічвала Украіна. Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што хоць яго краіна, не зʼяўляецца членам НАТА, ужо ўносіць вялікі ўклад у еўраатлантычную бяспеку, паколькі процідзейнічае агрэсіі Расіі, у выніку чаго гінуць украінскія жаўнеры. Нагадваем, упершыню за больш чым 12 гадоў, падчас учарашняга саміту перспектыва ўступлення Украіны ў альянс была выразна пацверджаная. Аднак улады Кіева выказалі незадавальненне тым, што іх не запрасілі на саміт.

Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг i прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ / POOL Кіраўнік НАТА Енс Столтэнберг i прэзідэнт Джо Байдэн. PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ / POOL

У рамках рэформаў альянс плануе павялічыць супрацоўніцтва з Японіяй, Аўстраліяй ці Новай Зеландыяй, а таксама з краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі. Усё з мэтай стаць важнай дыпламатычнай сілай у свеце. НАТА плануе распрацоўваць новыя тэхналогіі і змагацца са зменамі клімату. У Канадзе ўзнікне спецыяльны экалагічны цэнтр альянсу. НАТА таксама павялічыць колькасць вучэнняў ва Украіне, Грузіі, а таксама ў Іраку і Іярданіі.

План «НАТА 2030» прадугледжвае рост членскіх узносаў з мэтай павелічэння ўсіх трох існуючых бюджэтаў арганізацыі. Аднак пакуль гэта агульная ідэя, бо некаторыя дзяржавы-члены скептычна ставяцца да гэтай прапановы.

Да наступнага саміту НАТА ў 2022 годзе таксама павінен быць падрыхтаваны праект новай стратэгічнай канцэпцыі НАТА. Цяперашняя паходзіць з 2010 года і, на думку ўладаў альянсу, не адпавядае сучаснай рэчаіснасці.

IAR/аз