Беларуская Служба

Лукашэнка падавіў пратэсты, увёў тэрор і ізаляваў краіну ад свету, але беларусы не здаюцца

09.08.2021 18:15
Прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў падсумавалі год пасля фальсіфікацыі выбараў і пачатку пратэстаў у краіне.
Аўдыё
  • Прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў падсумавалі год пасля фальсіфікацыі выбараў і пачатку пратэстаў у краіне.
    .
Акцыя падтрымкі беларусаў ва Украіне.PAP/EPA/STR

9 жніўня мінае год з моманту, калі шляхам фальсіфікацыі Аляксандр Лукашэнка ў шосты раз «выйграў» прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. З гэтай нагоды ўдзельнікі анланй прэс-канферанцыі «Беларусь зрабіла выбар» прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў паспрабавалі падсумаваць гэты перыяд – задумацца пра тое, які шлях з гэтага моманту прайшлі беларусы, чаго дасягнулі і да чаго яны імкнуцца.

Якую галоўную выснову можна зрабіць з апошняга года? Паводле народнаабранага лідара Беларусі Святланы Ціханоўскай, самае галоўнае – беларусы зразумелі, што яны адказваюць за будучыню краіны:

- Таму цягам гэтага года былі арганізаваныя больш за 20 новых грамадскіх праектаў. Назіранне за выбарамі, падлік галасоў арганізавалі грамадскія ініцыятывы, якія паказалі сябе з добрага боку. Фонды салідарнасці, прафсаюзныя арганізацыі. Лекары, студэнты, рабочыя, валанцёры, спартсмены аб’ядналіся ў барацьбе і працягваюць дзейнічаць нягледзячы на рэпрэсіі.

Цягам апошняга года беларусы даказалі як самі сабе, так і свету сапраўдны характар беларускага рэжыму, дадае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка:

- Дзякуючы гэтаму мы зараз выдатна разумеем пытанне выбара. Калі нехта будзе падтрымліваць забойства, гвалт, рэпрэсіі – гэта будзе ягоны выбар. Я перакананы, што выбар здзейсніць большасць беларусаў, дарэчы ён ужо здзейснены. Яны выказаліся за праўду, дабро, чалавецтва, павагу меркавання іншых людзей, свабоду выказвання і права, якое ў нас хоча адабраць рэжым, а якое мы праявілі 9 снежня 2020 года. Галоўнае, паводле мяне, большасць беларусаў хоча перамен.

Паводле кіраўніка каманды Святланы Ціханоўскай Валеры Кавалеўскага, самае важнае, што беларусы захавалі адзінства:

- Мы шмат працуем супольна, каардынуем нашую працу. Упершыню за гісторыю дыктатуры Лукашэнкі дзейнічае адзіны цэнтр дэмсілаў. Ёсць людзі, да якіх могуць звяртацца нашыя партнёры за мяжой і самі беларусы са сваімі пытаннямі, праблемамі і ініцыятывамі. Другая важная справа, гэта тое, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі. Пра нас гавораць, пра нас не забываюць. Нашыя праблемы абмяркоўваюцца і прымаюцца рашэнні, каб дапамагчы нам у барацьбе за перамены ў краіне.

Сястра Марыі Калеснікавай і член каманды Віктара Бабарыкі Таццяна Хоміч, звяртае ўвагу на тое, як змяніліся самі беларусы за гэты час:

-Я ведаю, што зараз на нас глядзіць увесь свет і ўвесь свет нас падтрымлівае. Мы ствараем гісторыю, а на гэта патрэбны час.

За гэты год я зразумеў, што аплочваецца арганізаванасць, кажа заснавальнік «Рабочага руху» Юрый Рававой:

- Арганізаванасць у розных формах, у тым ліку рабочых прафсаюзаў дасць нам перамогу, добрую і шчаслівую будучыню.

За гэты год беларусы паказалі як сабе, так і ўсяму свету сваю салідарнасць, лічыць прадстаўнік BYPOL і плана «Перамога» Алех Талерчык:

- Мы зразумелі, што за сваю свабоды, за будучыню нашых сем’яў і дзяцей трэба змагацца. Прайшоў год, а нашая барацьба пашыраецца, мы становімся больш арганізаванымі: узнік «Рабочы рух», план «Перамога», аб’яднанне дэмсілаў. Мы працуем, як на міжнароднай арэне, так і ў Беларусі.

Гэта ўсё высновы і дасягненні мінулага году. А што з планамі на будучыню? Кожны можа далучыцца да тых ініцыятываў, якія ўжо існуюць. Шукайце таго, што Вы можаце зрабіць зараз, кажа Святлана Ціханоўская:

-Кожны можа далучыцца да існуючых ініцыятываў. Актыўна дапамагаць, або прапанаваць свае ініцыятывы. Кожны чалавек важны – ён нешта можа. Нават, калі гэта маленькая рэч, то калі такіх людзей многа -97%, што гэта ўжо вялікая сіла.

Юрый Рававой запрашае далучыцца да «Рабочага руху»:

- Мы ведаем, якім чынам каардынаваць агульнанацыянальную забастоўку, но без людзей гэта не магчымае.

Паводле Паўла Латушкі, трэба надзейна паведамляць пра тое, што адбываецца зараз у Беларусі:

- Рэжым робіць усё, што магчымае, каб ліквідаваць незалежныя СМІ ў Беларусі, каб пазбавіць беларусаў сапраўднай і аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што там адбываецца. Таму важна расказваць адзін другому праўду пра тое, што адбываецца і адбывалася за гэты год. Я таксама хацеў бы падтрымаць план «Перамога» – вельмі важны інструмент. Мы спадзяемся на тое, што рабочыя заводаў пакажуць сваю сілу. Вельмі важны «Рабочы рух». Трэба рыхтавацца да забастоўкі.

У сваю чагу Таццяна Хоміч нагадала пра падтрымку палітзняволеных:

- Калі ласка прыходзьце на суды, не толькі найбольш вядомых актывістаў, але і ўсіх астатніх, якіх сотні. Проста падтрымлівайце іх. Я, як сястра палітвязня, магу сказаць, што гэта вельмі важнае. Гэта дае сілу і надзею змагацца далей і не здавацца.

Удзельнікі канферэнцыі згодна падкрэслілі, што нельга падаць духам, не адступаць і не здавацца, паколькі толькі моцныя духам змогуць перамагчы.

Нагадваем, за год ад фальсіфікаваных выбараў рэпрэсіі спазналі больш за 35 тысяч беларусаў. Спіс палітвязняў налічвае больш за 600 прозвішчаў. Мяркуецца, што каля дзесяці чалавек загінулі.

За год беларускі дыктатар пасадзіў за краты амаль 30 журналістаў і ўскладніў працу амаль усіх незалежныя СМІ ў краіне. Былі закрытыя офісы арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, незалежных ад уладаў фондаў і няўрадавых інстытутаў. З рэпрэсіямі змагаецца непрызнаваны рэжымам Саюз палякаў у Беларусі, якога кіраўнікі сядзяць у турме.

Анна Задрожна