Беларуская Служба

Генерал-маёр ЗСУ Украіны: Рукамі Мінска Масква стварае штучны хаос не толькі на мяжы, але і ўнутры Літвы

14.08.2021 08:14
Украіна павінна дапамагчы літоўскаму хаўрусніку, які зʼяўляецца адданым адвакатам Кіева ў Еўразвязу і ў НАТА, лічаць некаторыя ўкраінскія эксперты.
Аўдыё
  • Мэтай Крамля ў правакацыі ўсіх гэтых крызісаў зʼяўляецца нават не Літва Ці Украіна, а сам Еўразвяз, мяркуе Дзмітрый Залатухін. З ім у гэтым пагадзіўся генерал-маёр Узброеных Сіл Украіны Віктар Назараў.
-    (P)            -
Прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце (P) і старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль падчас візіту ў Падварыёніс на літоўска-беларускай мяжыEPA/LAIMA PENEK / LITHUANIAN GOVERNMENT OFFICE

У апошнія тыдні Літва перажывае гібрыдную агрэсію з боку расійскіх і беларускіх спецслужбаў. Сотні азіяцкіх мігрантаў плынню накіроўваюцца з тэрыторыі Беларусі ў Літву. Мінск павялічваў колькасць авіярэйсаў з Ірака, Сірыі, Афганістана ды іншых краін, з якіх прыбываюць мігранты. Урад Літвы аб'явіў надзвычайную сітуацыю і абвінаваціла рэжым Лукашэнкі ў гібрыднай агрэсіі. Украіна павінна дапамагчы літоўскаму хаўрусніку, які зʼяўляецца адданым адвакатам Кіева ў Еўразвязу і ў НАТА, лічаць некаторыя ўкраінскія эксперты. Яны бачаць небяспеку падзей на літоўска-беларускай мяжы для Украіны і ўсяго Еўрапейскага Звязу.

Урад Літвы абʼявіў надзвычайную сітуацыю і абвінаваціў беларускія ўлады ў гібрыднай агрэсіі супраць Еўропы. Тым часам на тэрыторыі дзяржавы рэалізуецца інфармацыйная аперацыя па дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі. Звязаныя з Крамлём палітычныя сілы і прэса абвінавачваюць урад у няздольнасці кантраляваць сітуацыю і заклікаюць да саступак на карысць рэжыму Лукашэнкі. Дадатковай небяспекі сітуацыі дадае набліжэнне расійскіх ваенных вучэнняў «Захад-2021» у Беларусі. У Кіеве не выключаюць негатыўнага ўплыву на сітуацыю з бяспекай і ва Украіне. Дырэктар Міжнароднага цэнтра процідзеяння расійскай прапагандзе Юрый Качавенка заявіў, што Украіна не будзе стаяць у баку ад пагроз, якія паўстаюць перад хаўрусніцкай Літвой:

- Я ўпэўнены, што сотні ўкраінскіх добраахвотнікаў у выпадку неабходнасці гатовыя адправіцца ў Літву і дапамагчы ёй у абароне сваіх межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці. Калі такая патрэба паўстане, і літоўскі ўрад аб гэтай патрэбы заявіць. Літва аказвала небывалую падтрымку Украіне ўсе гэтыя гады, мала з якой краінай можна параўнаць гэты ўзровень падтрымкі. Грамадзяне Літвы ваявалі за Украіну, літоўскія афіцэры навучалі нашых вайскоўцаў, аказвалі матэрыяльную, тэхнічную дапамогу, лячылі і рэабілітавалі параненых, і большага адваката Украіны ў дачыненні да міжнароднай падтрымкі Украіны ў ЕЗ і НАТА цяжка знайсці. Я ўпэўнены, калі сама Літоўская Рэспубліка сутыкнулася з такім крызісам, мы павінны праявіць сябе максімальна сяброўскай і саюзніцкай краінай.

Сітуацыя з мігрантамі ў Літве на яе мяжы з Беларуссю развіваецца па тых жа сцэнарах, як і сітуацыя з нашэсцем мігрантаў на іншыя краіны ЕЗ за апошнія гады, адзначыў былы намеснік міністра інфармацыйнай палітыкі Украіны Дзмітрый Залатухін. Сярод іншага, ён паказаў на суправаджэнне раптоўных хваляў мігрантаў на межах Літвы інфармацыйнымі прапагандысцкімі ўкідамі аб бесчалавечным абыходжанні з імі. Пры гэтым адзінымі крыніцамі інфармацыі застаюцца толькі сайты беларускай памежнай службы і кантраляваныя КДБ Беларусі інфармацыйныя рэсурсы. Незалежная прэса да маніторынгу сітуацыі з мігрантамі на літоўска-беларускай мяжы не дапускаецца:

- Уся гэтая інфармацыйная армія піша пра тое, што там не толькі адбываецца міграцыйны крызіс, а што літоўскія памежнікі здзяйсняюць супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да мігрантаў, якія іх катуюць, бʼюць, запужваюць сабакамі... потым назапашваецца інфармацыйны аспект арганізацыі гэтай дзейнасці афіцыйнымі прадстаўнікамі структур краін-чальцоў Еўразвязу. Менавіта гэта мне кажа пра магчымасць працягу гэтага трэнду падчас расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2021» і разгортванне вайсковых падраздзяленняў Расіі на тэрыторыі Беларусі. Ужо заяўлена, што адным з аспектаў адпрацоўкі будзе схаванае разгортванне воінскіх падраздзяленняў. Так што правакацыі на мяжы з Літвой могуць быць выкарыстаныя, каб пакінуць у месцах разгортвання кантынгент расійскіх войскаў у Беларусі. У тым ліку і ў непасрэднай блізкасці да межаў Літвы і Польшчы.

Раней шляхі мігрантаў да межаў дзяржаў Еўразвязу відавочна былі пракладзеныя ненатуральным спосабам, таму што гэта патрабавала значных марскіх транспартных, лагістычных і арганізацыйных рэсурсаў, лічыць Дзмітрый Залатухін. Гэтак жа і з Ірака мігранты не могуць патрапіць на літоўска-беларускую мяжу інакш, як праз тэрыторыю Расіі. З гэтага эксперт зрабіў выснову аб штучным характары літоўскага міграцыйнага крызісу, які справакавала Масква для атрымання рычагоў уплыву на рашэнне афіцыйнага Бруселя і правакацыі расколу ўнутры ЕЗ. У якасці прыкладу першага поспеху Масквы Залатухін прывёў адмову еўрачыноўнікаў прафінансаваць будаўніцтва сцяны на мяжы Літвы з Беларуссю:

- Разам з тым, мы працягваем назіраць, што і Брусэль, і Берлін, і Парыж, і Вашынгтон упарта адмаўляюцца канстатаваць той факт, што асноўным бенефіцыярам беларускай праблемы, якая выліваецца ў гібрыднае супрацьстаянне, зʼяўляецца менавіта Крэмль, і Уладзімір Пуцін. А значыць няма сэнсу ажыццяўляць ціск на Аляксандра Лукашэнку, уводзіць дадатковыя санкцыі, калі асноўны Бенефіцыяр застаецца пры сваіх картах і аказвае ціск. Затое Еўрапейскі Звяз і Злучаныя Штаты Амерыкі працягваюць аказваць Пуціну максімальны рэжым садзейнічання ў кантэксце Паўночнага патоку-2 і перамоўнай платформы з міжнароднай супольнасцю. Таму крызіс будзе паглыбляцца, а прычынай зʼяўляецца няздольнасць афіцыйнай Еўропы ўспрыняць гэтую праблему, як праблему глабальнага маштабу, а Пуціна – як галоўнага бенефіцыяра паслаблення краін Еўропы. Літоўская праблема, якую мы цяпер назіраем, яе ігнараванне з пункту гледжання вядучых еўрапейскіх краін, якія зʼяўляюцца лідарамі Еўрапейскага Звязу, будзе выклікаць яшчэ большыя негатыўныя наступствы як для самой Літвы, так і для краінаў, пра якія я кажу. Гэта Брусэль, як цэнтр ЕЗ, і Германія, і Францыя, якія зʼяўляюцца лідарамі па пытаннях стварэння і імплементацыі рашэнняў.

Мэтай Крамля ў правакацыі ўсіх гэтых крызісаў зʼяўляецца нават не Літва Ці Украіна, а сам Еўразвяз, мяркуе Дзмітрый Залатухін. З ім у гэтым пагадзіўся генерал-маёр Узброеных Сіл Украіны Віктар Назараў. Ён заклікаў літоўскі ўрад ужо зараз пачаць меры па падрыхтоўцы па ўвядзенні надзвычайнага становішча і трэніроўкі войскаў і ўзаемадзеянні розных ведамстваў па перадухіленні гарачай фазы крызісу або верагоднага пападання ворага на тэрыторыю Літвы. Прычынай такіх саветаў Назараў назваў цяперашні крызіс, які на яго думку, зʼяўляецца інструментам дэстабілізацыі дзяржавы і прылады штучнага хаосу спачатку на літоўска-беларускай мяжы, а пасля і ўнутры Літвы:

- І гэты хаос будзе кіраваны, таму што ім трэба легітымізаваць не толькі прысутнасць рускага войска ў Беларусі. Гэта яшчэ і спосаб даціснуць рэалізацыю Паўночнага патоку-2, у тым ліку праз шантаж і ціск. І трэцяя мэта – зняць санкцыі з Лукашэнкі, або максімальна абмежаваць іх. І яны будуць гэта рабіць, пакуль такія мэты не дасягнуты. Я думаю, напружанне можа крыху аслабіцца, калі яны будуць разумець, што Паўночны паток-2 ужо на фінішнай прамой і яны могуць супакоіцца, таму што гэта ўжо не будзе прынцыпова. Але тое, што яны будуць абараняць Лукашэнку і такім чынам уплываць на гэтыя працэсы – гэта адназначна.

У адрозненне ад Назарава, дырэктар Цэнтра грамадскіх даследаванняў «Украінскі мерыдыян» Дзмітрый Левусь не чакае ніякага паслаблення напружання, а наадварот, прагназуе толькі эскалацыю гібрыднага супрацьстаяння Масквы і яе памагатых з дзяржавамі Еўропы. І ў гэтым, упэўнены эксперт, Крэмль не будзе цурацца ніякіх брудных тэхналогій:

- У Маскве зразумелі, што можна расхістваць сітуацыю паміж Бруселем і краінамі Балтыі. Яны будуць і далей гэта рабіць і выкарыстоўваць усе магчымасці. У бліжэйшы час мы ўбачым у Літве раптоўнае абвастрэнне ўжо даўно забытага польска-літоўскага канфлікту. Таму тут варта размаўляць Вільні з Варшавай і рабіць нейкія дзеянні на апярэджанне, каб гэтага не адбылося. Крызіс будзе толькі паглыбляцца, калі краіны Балтыі здолеюць выстаяць супраць выкарыстання зброі ў выглядзе мігрантаў. Мігрантаў як зброю Лукашэнка разам з Расіяй можа прымяніць і супраць Украіны. Калі крытычная маса мігрантаў не пойдзе ў Еўропу праз Балтыю, то яны яе будуць перакідвацца ва Украіну.

Па гэтай прычыне, як лічыць Левусь, Украіне і АБСЕ ўжо цяпер варта шукаць новае месца для працягу перамоваў трохбаковай кантактнай групы па выкананні Мінскіх пагадненняў. Бо перагаворная пляцоўка ў сталіцы Беларусі ўжо скампраметаваная, перакананы эксперт.

Слухайце радыё! 

Вільгельм Смоляк, Украінская служба Польскага радыё для замежжа/эж


Павялічваецца плынь нелегалаў з Беларусі ў Польшчу

10.08.2021 13:51
З пачатку года Падляскай памежнай вартай быў затрыманы 871 чалавек, які спрабаваў незаконна перасекчы беларуска-польскую мяжу і гэта ў восем разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

Еўрапейская камісія вылучыць 36,7 млн еўра на дапамогу Літве ў барацьбе з міграцыйным крызісам

11.08.2021 13:57
Падтрымка павінна быць выдзелена, сярод іншага, на медыцынскую дапамогу, вакцыны, прадукты харчавання, адзенне і сродкі гігіены для мігрантаў.

Са снежня спыняецца транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз Літву

12.08.2021 12:36
Уплыў на гэта маюць санкцыі ЗША ў дачыненні да Беларусі.

Польскі друк паведамляе пра «вялікія праблемы малой Літвы»

12.08.2021 15:20
Літоўскія палітыкі мяркуюць, што абедзве акцыі маюць шмат супольнага, і што іх сцэнарый пісалі альбо ў Мінску, альбо ў Маскве.