Беларуская Служба

Валер Карбалевіч: Беларуская дзяржава рэдукуецца да ўзроўню рэжыма

07.09.2021 15:52
Ці ёсць у палітычных рэпрэсій мяжа і каму найперш гэта выгодна, размаўляем з палітолагам Валерам Карбалевічам.
Аўдыё
  • Размова з Валерам Карбалевічам
Валерый КарбалевічФота: Facebook

Учора былі агучаныя крымінальныя прысуды Марыі Калеснікавай і Максіму знаку – адзінаццаць і дзесяць гадоў калоніі адпаведна. Штодня прыходзяць паведамленні пра чарговыя арышты, затрыманні, і не толькі сярод актывістаў апазіцыі. Сілавікі «прачэсваюць» нават сваякоў тых, хто выступіў супраць рэжыма Лукашэнкі ў 2020 годзе. Ці ёсць у палітычных рэпрэсій мяжа і каму найперш гэта выгодна, размаўляем з палітолагам Валерам Карбалевічам.

– Спадар Валер, мы назіраем вельмі жорсткія прысуды. Часта ў абмеркаваннях можна чуць, што не будуць апаненты сядзець гэтыя вялікія тэрміны. Ці падзяляеце вы гэты аптымізм?

– Пакуль рэжым будзе існаваць, рэпрэсіі будуць працягвацца з большай ці меншай інтэнсіўнасцю. Магчымыя элементы гнуткасці: некаторых людзей могуць выпусціць пад амністыю ці прашэнні аб памілаванні, супрацоўніцтва са следствам. Але гэта не зменіць агульную тэндэнцыю. Будуць працягвацца новыя рэпрэсіі і пасадкі. Следчы камітэт анансуе, што ёсць каля пяці тысяч палітычных спраў – за ўдзел у пратэстах. То бок тэндэнцыя будзе існаваць пакуль ёсць існы рэжым.

– Ці ёсць у гэтых падзеях дно, як кажуць? Мусіць жа быць мяжа злу.

– Пакуль я бачу, што ёсць устаноўка працягваць рэпрэсіі, не зніжаць маштаб. І паколькі няма пратэстаў вулічных, то сілавікі ідуць па другому-трэцяму колу, зноў чапляюць тых людзей, якіх ужо затрымлівалі, па сваякам і гэтак далей. Каб машына рэпрэсій не спынялася, не змяншаўся маштаб, бо такая дадзена ўстаноўка.

— Ёсць шмат фактаў таго, як улады чысцяць свае шэрагі ад нелаяльных. Ці можа стацца так, што, умоўна кажучы, змяя пачне сябе паглынаць? Ці можа гэта пахіснуць прыхільнасць наменклатуры?

– Адбыліся маштабныя чысткі ў дзяржаўным апараце, бюджэтных арганізацыях: звальняюць тых, хто дэманстраваў нелаяльнасць, у сілавым апараце людзей правяраюць на паліграфе. У гэтым сэнсе рэжым стаў больш кансалідаваным. У адносінах да бізнесу таксама дзе жорсткая чыстка. Паказальная гісторыя з Юрыем Чыжом, якога фактычна разараюць, садзілі ў турму, а гэта ж чалавек з апарата, з прыдворнага кола Аляксандра Лукашэнкі. Рэпрэсіі былі і да 2020 года, і яны будуць працягвацца. Страх мусіць распаўсюджвацца на ўсіх, не толькі на апанентаў, але і на наменклатуру. Пытанне ў маштабе, і я думаю, што Лукашэнка адчувае мяжу, якую трэба не перайсці, бо можна страціць прыхільнасць наменклатуры. Таму гэтыя рэпрэсіі кропкавыя.

– Маштабны пераслед грамадска-палітычнага сектара вядзе агулам да стагнацыі ў грамадстве. Хіба кіраўніцтва гэтага не заўважае?

– Што тычыцца дэградацыі дзяржаўных функцый, то яны таксама відавочныя. Дзяржава адмаўляецца ад функцый, якія павінна была б выконваць: гэта і правасуддзе, і замежныя інтарэсы, і ахова мяжы, і якасная адукацыя не ў прыярытэце, а важная лаяльнасць. Дзяржава рэдукуецца да ўзроўню рэжыма, то бок робіць толькі тое, што забяспечвае існаванне ўлады.

– Ёсць меркаванне, што такая татальная зачыстка выгодная найперш Расіі, бо тое ж Таварыства беларускай мовы, якое цяпер пад пагрозай ліквідацыі з сотнямі іншых НДА, ніякім чынам не пагражала ўладзе. Ці падзяляеце вы меркаванне, што гэты каток рэпрэсій не зусім самастойнае рашэнне ўладаў Беларусі?

– Я не думаю, што Расія ўмешваецца ў працэс, каго рэпрэсаваць, каго садзіць за краты, якія арганізацыі ліквідаваць. Нават грамадзяне Расіі сядзяць тут і Расія не вельмі пра іх клапоціцца. Гэта ўнутраная справа рэжыму – знішчыць усе структуры грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца палітычнай дзейнасцю, якія проста аўтаномныя ад рэжыму, а калі яшчэ і атрымліваюць нейкую дапамогу з Захаду, то ўвогуле – ворагі. У чым Расія зацікаўленая – у міжнароднай ізаляцыі Беларусі, гэта ў яе інтарэсах. Да слова, пад раздачу трапілі і прарасійскій арганізацыі. Так што думаю, Лукашэнка ў гэтых дзеяннях аўтаномны.

МК