Беларуская Служба

Польскі міністр: Лукашэнку не стрымае смерць мігрантаў на мяжы, кроў гэтых людзей застанецца на яго руках

25.09.2021 08:10
Тое, што робіць беларускі рэжым, прысылаючы на мяжу тысячы людзей, гэта варожы крок не толькі супраць Польшчы, але таксама супраць усяго ЕС.
-
Віцэ-міністр МУС Мацей Вонсікфота: МУС

Выданне Polska Times.pl шмат увагі прысвячае сітуацыі на польска-беларускай мяжы, дзе, паводле падлікаў польскіх службаў, знаходзіцца некалькі тысяч нелегальных мігрантаў (па беларускім баку), якіх памежнікі і салдаты стараюцца не прапусціць праз мяжу. Некалькі дзён таму непадалёк ад мяжы былі знойдзеныя тры трупы. Па словах віцэ-міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацея Вонсіка (Maciej Wąsik), кроў гэтых людзей на руках Лукашэнкі. Кожная смерць чалавека – гэта вялізная трагедыя. Але Лукашэнку гэта не стрымае.

Тое, што робіць беларускі рэжым, прысылаючы на мяжу тысячы людзей, якія шукаюць у Еўрапейскім Саюзе лепшага жыцця, гэта варожы крок не толькі супраць Польшчы, але таксама супраць усяго ЕС. Лукашэнка выкарыстоўвае спецслужбы, але таксама злачынныя арганізацыі, кантрабандыстаў, якія займаюцца нелегальным перавозам людзей і перакідваннем іх праз мяжу. Польская памежная служба штодзённа затрымлівае пасярэднікаў і кур’ераў, якія прыязджаюць па гэтых людзей у акрэсленыя месцы. Памежнікі затрымліваюць іх аўтамабілі. Між іншым дзеля гэтага было патрэбнае надзвычайнае становішча, каб на дарогах маглі адбывацца адпаведныя праверкі. І ўжо бачныя эфекты – удаецца затрымліваць значна больш кур’ераў, – кажа Вонсік.

Міністр звяртае ўвагу, што ў Польшчы назіраецца рознагалоссе ў стаўленні да мігрантаў. Калі ўрад прыняў цвёрдую пазіцыю і робіць усё магчымае, каб не прапусціць іх праз мяжу, то некаторыя прадстаўнікі апазіцыі адпраўляліся на мяжу, каб паказацца ў СМІ, кажучы, якія бяздушныя палітыкі кіроўнай партыі. Беларускія ўлады зразумелі, што іх дзеянні прыносяць эфект – выклікаюць канфлікт унутры Польшчы, і яшчэ больш павялічылі прэсінг на мяжу. Такіх канфліктаў няма ў Літве і Латвіі – там апазіцыя цалкам згодная па дадзеным пытанні з урадам.

 

Rzeczpospolita таксама піша пра групу мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы. Фундацыя «Выратаванне» б’е трывогу – усе 32 асобы ў вельмі дрэнным стане. Прыйшлі халодныя, мокрыя дні, мігранты знаходзяцца на мяжы ўжо каля паўтара месяца, усе хварэюць. Беларускія службы не дазваляюць ім кранацца з месца, паколькі ў іх няма дакументаў. Сітуацыя тупіковая, – кажа Каліна Чварнуг (Kalina Czwarnóg) з фундацыі. У сваю чаргу прадстаўніца Памежнай службы Анна Міхальска адзначае, што мігранты атрымалі ад беларускіх памежнікаў цёплыя курткі, ім таксама прывозяць ежу.

Сітуацыяй цікавяцца ААН і Міжнародная арганізацыя па пытаннях міграцыі, якія з занепакаеннем назіраюць за практыкай вяртання мігрантаў праз мяжу, у выніку гэтыя людзі трапляюць у складанае становішча, ім прыходзіцца змагацца за выжыванне. Праблемай зацікавілася Еўрапейская камісія. У Польшчу плануе прыбыць камісар ЕС Ільва Юхансан (Ylva Johansson), каб на месцы ацаніць, якая падтрымка патрэбная Польшчы ў ахове мяжы з Беларуссю, якая таксама з’яўляецца вонкавай мяжой Еўрасаюзу.

нг