Беларуская Служба

Андрэй Зэльцар не павінен быў загінуць

29.09.2021 16:02
Падчас чарговай аблавы на прыхільнікаў перамен, у Мінску КДБшнікамі быў забіты жыхар гораду ў сваёй кватэры.
Аўдыё
  • Эксперты пра аперацыю КДБ у Мінску
 .
Андрэй Зэльцэр. Ілюстрацыйны здымакinstagram.com

КДБ паспрабавала назваць яго тэрарыстам і прадэманстравала ў якасці доказу відэа з месца падзей. Аднак спецыялісты маюць да «прад’яўленых доказаў шмат пытанняў. У першую чаргу што да прафесійнасці дзейнасці сілавікоў. Пры прафесійным падыходзе такая аперацыя павінна прайсці без смерцяў. Таксама сімпатыі людзей у Беларусі на баку ахвяры. Цяпер рэжым спрабуе пазбавіць людзей доступу да гэтага кантэнту.

28 верасня ў Мінску здарылася трагедыя. КДБ-шнікі застрэлілі чалавека падчас аперацыі, якую яны назвалі «адпрацоўкай адрасоў». Паводле версіі КДБ у адной з кватэр жыхар аказаў сілавікам супраціў – стрэліў у аднаго з іх з паляўнічай стрэльбы. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі мужчыну. Паранены супрацоўнік КДБ – загінуў.

Забіты жыхар кватэры – Андрэй Зэльцар, супрацоўнік EPAM Systems. Аб’яднанне Bypol паведаміла, што памерлы сілавік - гэта баец групы «А» КДБ Дзмітрый Федасюк.

Для грамадскасці і пацверджання сваёй версіі КДБ выкінула ў Сеціва кароткі фільм, у якім паказана, што адбылося. На думку прадстаўніка ініцыятывы Bypol, пры прафесійным падыходзе ніхто бы не загінуў падчас такой аперацыі.

- Ведаючы, што там узброены чалавек, як спачатку паведамлялі, што гэта небяспечны злачынца звязаны з тэрарыстамі, на затрыманне такога чалавека павінна быць накіраваная спецыяльна экіпіраваная група. У шлемах са шчытамі і бронекамізэльках. Магчыма ў такой сітуацыі пытанне было б вырашана шляхам перамоў і прапановы здацца.

Таксама як непрафесійныя дзеянні КДБ-шнікаў ацаніў іншы спецыяліст, былы крыміналіст Польскай паліцыі. Вось яго ацэнка дзеянняў беларускіх сілавікоў.

-  Што тычыцца дзеянняў афіцэраў КДБ, яны былі непрафесійныя з самага пачатку. Калі ідзе пранікненне сілай у нейкае памяшканне, павінны быць выкананыя ўсе правілы бяспекі, і павінна быць усё па законе. Тут жа  мы бачым проста нейкае прымітыўнае, хуліганскае ўварванне. Другі момант – гэта бачны мантаж матэрыялаў, што сведчыць пра іх неаб’ектыўнасць, бо там маглі быць маніпуляцыі.

Беларускія ўлады ніякіх сумневаў не маюць. Следчы камітэт ужо заявіў, што распачатая крымінальная справа, жонку забітага мінчука затрыманая «па падазрэнні ў саўдзеле ў забойстве». Па версіі следчых яна «праводзіла відэаздымкі злачынства і садзейнічала яго здзяйсненню». Таксама ўчорашнія падзеі ўжо паспела расследаваць і пракаментаваць Генеральная пракуратура, заявіўшы, што ў сілавікоў былі абгрунтаваныя падставы падазраваць Андрэя Зельцара «ў здзяйсненні асабліва небяспечных злачынстваў, звязаных з тэрарызмам», ператрус у яго кватэры быў санкцыянаваны, а супрацоўнікі КДБ прымянілі зброю ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Ці сапраўды КДБ-эшнікі законна дзейнічалі, ці сілавікі могуць проста так узламываць дзверы любому чалавеку і залятаць адразу са зброяй? Пры гэта мы таксама спыталіся ў спецыялістаў Bypol?

- Права ўвайсці ў жытло ў іх было, калі была санкцыя пракурора. Дакладна не вядома, ці была такая санкцыя, хоць пракуратура і следчы камітэт кажуць, што была. У сітуацыі, калі грамадзянін адмаўляецца адкрыць дзверы, часам ладзяць такую працэдуру – выломваюць дзверы. Аднак цяжка тут казаць пра прафесійнасць. Наколькі вядома з адкрытых крыніц – гэта працавала не міліцыя,  а супрацоўнікі спецгрупы КДБ «Альфа». Загінулы з гэтага ж атрада. Ведаючы, што ў чалавека ёсць легальная зброя, дзіўна, што да яго заходзілі не супрацоўнікі ў спецыяльнай экіпіроўцы. Да гэтага ў мяне найбольш пытанняў.

У дадзенай гісторыі важны яшчэ адзін факт. У Беларусі знік доступ да сайта «Комсомольской правды в Беларуси» пасля  публікацыі газетай выказвання аднакласніцы забітага Андрэя Зэльцара, якая распавяла пра яго як пра добрага чалавека. Матэрыял з’явіўся 28 верасня ўвечары, а раніцы 29 верасня на месцы kp.by была стандартная заглушка пра рашэнне Мінінфарма. Улады спалохаліся, кажа палітолаг Павал Усаў.

- Спачатку ўсе афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра так званую аперацыю. Напэўна яны хацелі паказаць забітага ў негатыўным святле, як тэрарыста. Але рэакцыя людзей была зусім іншая. Наадварот мы бачым салідарнасць, што стала небяспечным прэцэдэнтам для ўладаў. Упершыню лукашыстам аказалі адчынены супраціў, што можа стаць натхняльным прыкладам далейшага супраціву для сістэмы. Таму ўлады імкнуцца блакіраваць увесь кантэнт звязаны з гэтай сітуацыяй. Супраць іх выступіў не вайсковец, не ўдзельнік сілавых структур, а просты хлопец, праграміст, з інтэлігентнай сям’і. Ён узяў зброю ў рукі, стаз прыкладам не пасіўнай ахвярнасці, а актыўнага супраціву. Для ўладаў гэта вельмі небяспечна.

Палітолаг дадаў, што ў дадзенай сітуацыі супрацоўнікі КДБ далёка не ахвяры. Лукашэнкаўскія суддзі ды пракуроры" кідаюць людзей на гады за краты, а міліцыянты ды КДБ-шнікі, выломліваць дзверы і катуюць схопленых. Яны зрабілі свой выбар, яны каты. Іх трэба перастаць параўноўваць з тымі, хто загінуў, быў закатаваны, змагаючыся за свае правы і сваю свабоду.

Бо што магло б адбыцца з Андрэем Зельцарам, калі б ён не стаў абараняцца? «Хутчэй за ўсё, чэкісты жорстка збілі бы пры затрыманні Зэльцара і яго жонку, разнеслі б усю кватэру (не забываючы разапхнуць па кішэнях усе матэрыяльныя каштоўнасці), а пасля адправілі Андрэя на Акрэсціна ды пасадзілі б па надуманых абвінавачваннях у турму на вялікі тэрмін, які прысудзілі б яму  лукашэнкаўскія суддзі», піша Тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга».

Юры Ліхтаровіч