Беларуская Служба

Беларусы Варшавы зладзілі сустрэчу са Святланай Ціханоўскай

07.10.2021 14:45
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл знаходзілася з працоўным візітам у Польшчы.
Аўдыё
  • Беларуска дыяспара сустрэлася са Святланай Ціханоўскай у Варшаве
Здымак мае ілюстрацыйны характарY.Likhtarovich/Polskie radioi

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, выступіла на канферэнцыі Warsaw Security Forum. Зладзіла сустрэчу з беларускай дыяспарай у цэнтры польскай сталіцы.

6 кастрычніка ў Варшаве адбылася сустрэча Святланы Ціханоўская з беларускай дыяспарай у Польшчы. На сустрэчу прыйшло шмат людзей, больш за сотню чалавек. Сярод сабраных было шмат людзей, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь па палітычных матывах. Гаворыць жыхарка Мінска Вікторыя.

- Мы ў Польшчы з сакавіка бягучага году. У Беларусі нас арыштавалі і мы былі вымушаныя пакінуць краіну дзеля ўласнай бяспекі.

Прысутныя казалі, што прышлі на сустрэчу з абраным прэзідэнтам Беларусі, якая шмат робіць для вырашэння беларускага крызісу.

- Яна - наш абраны прэзідэнт, наш сімвал. Праз яе мы можам спадзявацца на міжнародную падтрымку. Яна шмат працуе над гэтым, прыкладаючы ўсе сілы.

- Святлана Ціханоўская для мяне - абраны прэзідэнт нашай краіны, якога мы выбралі, я асабіста галасавала. Я бачу, што менавіта гэты чалавек можа прывесці нас да дэмакратыі, паляпшэння нашага жыцця і краіны.

- Вітаем абранага прэзідэнта Беларусі. Жыве Беларусь!

Людзі таксама казалі, што іх прыцягвае энергетыка Святланы Ціханоўскай.

- Я ніколі не мела магчымасці пабачыць Святлану Ціханоўскую ўжывую. Я чула шмат добрага, што ў яе вельмі добрая энергетыка, яна кажа правільныя рэчы. Я прыйшла, каб зарадзіцца гэтай энергіяй.

- Мы разлічваем атрымаць тут цяплыню, надзею ды натхненне.

За гэты год яна стала сапраўдным лідарам, пераканы вядомы актор Алесь Малчанаў.

- Гэта прыгожая і вельмі таленавітая жанчына, якая зрабіла вялізарныя крокі ў самаразвіцці. Столькі шмат зрабіла яна і яе каманда для Беларусі. Яна вельмі мужная жанчына. Я прыехаў яе падтрымаць, пабачаць таксама іншых беларусаў.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана ЦІханоўская прывітала сабраных і падзякавала за салідарнасць.

- Я ведаю, колькі вы ўжо зрабілі і працягваеце рабіць кожны дзень. У мяне самае вялікае жаданне сказаць Вам усім – вялізарны дзякуй. Дзякуй за тое, што робіце, заўсёды прымаеце людзей, якім трэба дапамога. Менавіта на гэтым палягае слова салідарнасць, пра якую мы столькі шмат гаворым.

Пра патрэбу салідарнасці казалі таксама іншыя выступоўцы: Аліна Коўшык з Фонду Беларускай салідарнасці ды Алесь Зарэмбюк з Беларускага дому ў Варшаве.

- Нас, беларусаў, яднае тое, што мы маем у сэрцы Радзіму, памятаем пра тых людзей, якія засталіся ў Беларусі, якім вельмі патрэбная наша падтрымка і дапамога.

- Нам вельмі важна трымацца разам, ладзіць акцыі, бо людзі ў Беларусі патрабуюць гэтага. У краіне грамадства не падтрымлівае дыктатара. Мы разлічваем на тое, што неўзабаве вернемся ў Беларусь і будзе ладзіць там рэформы.

Таксама для сабраных беларусаў зайграў Вольны аркестр Варшавы. Аркестр стварылі беларусы, якія былі вымушаныя з’ехаць з краіны з-за рэпрэсій, распавялі музыкі.

- Аркестр складаецца з беларусаў, мы прыйшлі, каб выступіць, падтрымаць грамаду. Мы выступаем з сакавіка, першае выступленне было на Дзень Волі. Сярод нас шмат тых, хто прыехаў з Беларусі ў звязку з палітычнымі падзеямі.

6 кастрычніка ў Варшаве адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з беларускай дыяспарай у Польшчы. Як казалі прысутныя, сустрэча стала для іх магчымасцю натхніцца і спадзявацца на блізкія змены ў краіне. Людзі дзякавалі Польшчы і палякам за дапамогу, але шмат хто казаў пра тое, што хацелі б вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь.

Юры Ліхтаровіч