Беларуская Служба

Польшча праверыць, якім чынам чэшская шахта ў Германіі ўплывае на сітуацыю польскіх гмін на памежжы

19.10.2021 08:45
Улады гмінаў Губін і Броды ў Любускім ваяводстве скардзяцца, што шахта ў Еншвальдзе на працягу многіх гадоў наносіць экалагічны ўрон у раёне.
  .
Электрастанцыя ў Еншвальдзе.Von A. DarmochwalDer ursprünglich hochladende Benutzer war Sansculotte in der Wikipedia auf Deutsch - Selbst fotografiert, Gemeinfrei, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=4155908

Палякі правераць, ці чэшская шахта ў Германіі аказвае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе ў Польшчы. Міністр клімату і навакольнага асяроддзя Міхал Куртыка даручыў ведамству, праверыць інфармацыю аб негатыўным уплыве шахты ў Еншвальдзе(Jänschwalde) на памежныя рэгіёну ў Польшчы, паведамляе Rzeczpospolita.

Кар’ер, плошчай у 80 квадратных кіламетраў, знаходзіцца ў Германіі, але належыць чэшскаму канцэрну EPH(Energeticky a prumyslovy holding). Здабыты ў ім вугаль (каля 7,5 млн тон у год) выкарыстоўвае электрастанцыя ў Еншвальдзе. Побач з шахтай па польскім баку мяжы знаходзяцца дзве любускія гміны: Губін і Броды. Прадстаўнікі мясцовага самакіравання пераконваюць, што шахта наносіць экалагічны ўрон у раёне на працягу многіх гадоў, у тым ліку прычыняецца да зніжэння ўзроўню грунтавых вод. У выніку мясцовыя органы ўлады мусяць плаціць больш за атрыманне і ачыстку вады.

«Згодна з даследаваннямі, праведзенымі нашымі мясцовымі леснікамі, у 2019 годзе месцамі ўзровень грунтавых вод знізіўся на 2,5 метра (…) Мы не ведаем, ці гэты стан пагаршаецца, таму што ў нас няма адпаведных інструментаў, каб гэта праверыць. Неабходнымі былі б прафесійныя даследаванні, на якія мы не можам сабе дазволіць», – кажа войт гміны Броды Рышард Кавальчук.

У сваю чаргу войт гміны Губін скардзіцца, што калодзежы ў памежнай зоне наогул непрыдатныя для выкарыстання. «Вадатокі, вадаёмы проста зніклі. Іх ужо няма. У мінулым годзе былі сітуацыі, калі знікалі рэкі. Напрыклад, Нысу можна было прайсці ў чаравіках», – расказвае Збігнеў Барскі.

Штогод дзве згаданыя любускія гміны выдаткоўваюць на ачыстку вады каля 100 тысяч злотых. На працягу многіх гадоў мясцовыя ўлады спрабавалі адстаяць свае правы палюбоўна і атрымаць кампенсацыю ад уладальніка шахты, але да гэтага часу ніякіх грошай не атрымалі.

«Нам не пашанцавала так, як чэхам (у выпадку з польскай шахтай «Тураў» – рэд.). Цэнтральныя ўлады не цікавяцца нашай сітуацыяй», – скардзіцца войт Бродаў. Паводле мясцовых уладаў, справа гмінаў Губін і Броды можа стаць нагодай для «помсты» польскага боку на чэхах, якія паскардзіліся на падобную сітуацыю з польскім рудніком у Тураве.

Rzeczpospolita нагадвае, што паводле рашэння Суда Еўрасаюза суда за кожны дзень працы рудніка палякі павінны выплаціць Еўракамісіі па 500 тысяч еўра

Чэшская шахта ў Еншвальдзе павінна быць закрытая ў 2023 годзе. Два гады таму ейная праца была часова прыпыненая пасля пратэсту эколагаў. З 2020 года кар’ер працуе зноў.

аз