Беларуская Служба

Ярасалаў Качыньскі: Гібрыдную вайну на мяжы з Беларуссю ўжо маем, канвенцыйнай – нельга спадзявацца

16.11.2021 11:31
Лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» лічыць, што Еўрасаюз надта асцярожна ставіцца да Беларусі.
Аўдыё
  • Ярасалаў Качыньскі: Гібрыдную вайну на мяжы з Беларуссю ўжо маем, канвенцыйнай – нельга спадзявацца.
Prezes Prawa i Sprawiedliwości Jarosław Kaczyński
Prezes Prawa i Sprawiedliwości Jarosław Kaczyński PR24

Гібрыдную вайну на мяжы з Беларуссю ўжо маем, канвенцыйнай, хутчэй за ўсё, нельга спадзявацца, заявіў у эфіры Польскага радыё 24 віцэ-прэм’ер лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі. Палітык таксама раскрытыкаваў Еўрасаюз за надта асцярожнае стаўленне ў дачыненні да Беларусі, якая выклікала штучны міграцыйны крызіс на межах супольнасці.

Польшча вядзе дыпламатычную дзейнасць па ўрэгуляванні крызісу на мяжы з Беларуссю, запэўніў віцэ-прэм’ер лідар кіроўнай партыі. Яраслаў Качыньскі пераконваў, што крызіс на мяжы з Беларуссю павінен атрымаць міжнародны статус:

- У палітыцы, але таксама жыцці дзейнічае прынцып, які з ангельскай мовы называецца «timing», інакш кажучы – усё ў сваім часе. Дыпламатычныя захады наогул павінны мець стрыманы і асцярожны характар. Такія справы публічна можна абмяркоўваць толькі ў адпаведным моманце. Нельга спяшацца. З другога боку, міжнародны статус не азначае, што можна праблему абмяркоўваць без нашага ўдзелу.

Гэта несумненны намёк палітыка да размоваў па справе крызісу, якія канцлерка Германіі Ангела Меркэль надоечы правяла з прэзідэнтам Расіі і лідарам Беларусі.

Калі гаворка ідзе пра магчымыя санкцыі, то на думку Яраслава Качыньскага, Еўрасаюз занадта асцярожна ставіцца да Беларусі. Паводле палітыка, дзеянні ЕС у гэтым пытанні патрабуюць неадкладнай рэакцыі на ўмовы, якія хутка мяняюцца:

- Еўрасаюз лічыць, што рэакцыя павінна быць асцярожная. Зразумела, лепш так, чым наогул не рабіць нічога. Трэба дзейнічаць паслядоўна і браць пад увагу актуальную сітуацыю.

Яраслаў Качыньскі нагадаў, у Еўрасаюзе сутыкаюцца розныя сілы, якія маюць уплыў на палітыку супольнасці:

-Еўрасаюз – гэта асаблівая арганізацыя, якая аб’ядноўвае розныя сілы, таксама прарасійскія. Калі зрабіць агляд розных палітычных арганізацый – ад левых па правыя – то акажацца, што там вельмі шмат арганізацый, зацікаўленых станоўчымі адносінамі з Расіяй.

Нагадваем, у бліжэйшыя дні будуць гатовыя новыя санкцыі ЕС супраць беларускага рэжыму за штучны міграцыйны крызіс на межах супольнасці і гібрыдныя дзеянні супраць ЕС. Учора на сустрэчы ў Бруселі міністры замежных спраў краін-членаў зацвердзілі новыя крытэрыі, якія дазваляюць пашырыць санкцыі ў дачыненні да рэжыму ў Мінску. На іх аснове зараз спецыялісты складуць «чорны спіс».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён закране больш за 30 асобаў і кампаній. Забарона будзе тычыцца, між іншым, авіялініяў, якія прывозяць мігрантаў у Беларусь. Санкцыі будуць зводзіцца таксама да забароны на ўезд у краіны супольнасці і замарожванне грошай у еўрапейскіх банках.

Паводле Яраслава Качыньскага, барацьба з дэзынфармацыяй таксама важная, як і абарона самой мяжы. Аднак паводле палітыка, магчымасць працы журналістаў у зоне надзвычайнага становішча, будзе магчыма, толькі ў выключных выпадках:

- Гэта, хутчэй за ўсё, будуць нейкія выключэнні, паколькі наратыў, які прасоўвае беларуская і расійская прапаганда, а таксама частка СМІ на Захадзе і ў Польшчы, зусім адваротны да таго, што там (на мяжы-рэд.) сапраўды адбываецца. З гэтым трэба змагацца хутка і рашуча.

Адначасова лідар кіруючай партыі не спадзяецца эскалацыі сітуацыі на польска-беларускай мяжы да канвенцыйнага ўзброенага канфлікту з Беларуссю:

- Пра гібрыдную вайну ўжо можна гаварыць. У сваю чаргу, класічнай вайны з выкарыстаннем канвенцыйнай зброі пакуль, хутчэй за ўсё, нельга браць пад увагу. Усё ж трэба памятаць, што мы маем дачыненне з непрадказальным праціўнікам. Гаворка ідзе пра Лукашэнку. Тым ня менш, я не думаю, што ён вырашыць зрабіць больш, чым цяпер.

Віцэ-прэм’ер не выключыў, што яго адыход з урада, планаваны на пачатак наступнага года, будзе адтэрмінаваны ў сувязі з сітуацыяй на польска-беларускай мяжы:

- Магчыма ўзнікне такая неабходнасць. Тым ня менш, я лічу, што маю функцыю могуць таксама паспяхова выконваць іншыя. Больш, за тое, калі на маё месца будзе прызначаны адзін з кіраўнікоў сілавых ведамстваў, то можа, гэта будзе яшчэ больш карыснае.

- заявіў у эфіры Польскага радыё 24 віцэ-прэм'ер, старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.

Нагадваем, сёння Сейм разглядае ўрадавы праект зменаў у закон аб ахове дзяржаўнай мяжы, які павінен урэгуляваць сітуацыю ў памежнай зоне з Беларуссю пасля спынення дзеяння надзвычайнага становішча, якога паводле Канстытуцыі, нельга прадоўжыць у трэці раз.

Папраўкі даюць магчымасць увесці на пэўны тэрмін забарону на знаходжанне ў памежных рэгіёнах, у якіх назіраецца асаблівы міграцыйны ціску або фіксуюцца памежныя інцыдэнты. Забарона можа быць уведзена ў асобным рэгіёне памежнай зоны на падставе пастановы міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. Паводле прапанаваных зменаў, на знаходжанне ў забароненай зоне «трэціх асобаў», напрыклад, журналістаў можа дазволіць камандзір аддзелу Памежнай службы.

Нагадваем, з 2 верасня на польска-беларускім памежжы дзейнічае надзвычайнае становішча, якое ахоплівае 183 населеныя пункты ў Падляшскім і Люблінскім ваяводствах. Першапачаткова надзвычайнае становішча было ўведзенае на 30 дзён і падоўжанае яшчэ на 60 дзён у кастрычніку.

IAR/аз