Беларуская Служба

Перамовы Байдэна і Пуціна: на кон пастаўлены лёс Украіны

08.12.2021 11:47
Пуцін патрабуе, каб ЗША прадставілі пісьмовую гарантыю, што Украіна ніколі не стане членам НАТА.
   .   .
Гутарка па відэасувязі Д. Байдэна і У. Пуцінафота: PAP/EPA/MIKHAEL METZEL / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Гэтая размова магла прадрашыць лёс Украіны – піша Dziennik Gazeta Prawna пра перамовы прэзідэнтаў ЗША і Расіі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна. Перад відэасувяззю Байдэн званіў прэзідэнту Францыі, канцлеру Германіі, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі ды Італіі.

Расія, паводле інфармацыі амерыканскай выведкі, ужо неўзабаве можа сабраць на мяжы з Украінай 175 тыс салдат, гатовых да ваенных дзеянняў. Пуцін патрабуе, каб ЗША прадставілі пісьмовую гарантыю, што Украіна ніколі не стане членам Паўночнаатлантычнага альянсу НАТА. Расія таксама патрабуе, каб Амерыка спыніла ваеннае супрацоўніцтва з Кіевам і не размяшчала войскаў на ўсходнім флангу НАТА.

А што Расія прапануе ЗША ўзамен? Паводле звестак урадавай «Расійскай газеты», Крэмль абяцае супрацу ў нафтаздабыўной галіне, каб сусветныя цэны нафты стабілізаваць на ўзроўні, які адпавядае абедзвюм краінам.

Белы Дом паведаміў, што Байдэн перасцярог Пуціна: калі Расія будзе імкнуцца да далейшай эскалацыі, ЗША ды іншыя краіны адкажуць магутнымі эканамічнымі ды іншымі мерамі. Гэта можа быць павелічэнне колькасці ваенных сілаў на ўсходнім флангу НАТА, санкцыі супраць расійскіх банкаў і валюты. Самым балючым для Расіі было б выключэнне краіны з сістэмы банкаўскіх разлікаў SWIFT.

 

Партал Energetyka24 піша, што калі Расія пачне наступленне на Украіну, гэта можа стаць канцом газаправоду «Паўночны паток-2», аб чым было дамоўлена з уладамі Германіі. Пра гэта заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван (Jacob Jeremiah Sullivan). Ён паведаміў, што прэзідэнт Джо Байдэн згадаў пра будучыню праекту таксама падчас перамоваў з прэзідэнтам Расіі. Ён сказаў Пуціну, што «калі той хоча, каб газ пайшоў па трубе», яму не варта нападаць на Украіну.

Прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна заявілі кангрэсменам, што новыя ўлады Германіі абяцалі: яны спыняць газаправод «Паўночны паток-2» у выпадку расійскага ўварвання ва Украіну.

 

Rzeczpospolita дадае, што бакі перамоваў (Байдэн і Пуцін) ішлі на сувязь з такімі рознымі патрабаваннямі, што малаверагодна, каб яны прыйшлі да кансэнсусу. Байдэн нават не меў намеру размаўляць пра адмову ад магчымасці ў будучыні ўступлення Украіны ў НАТА. Прычынай было не толькі жаданне абараніць суверэнітэт Украіны, але таксама перакананне, што Расія на гэтым не затрымаецца, калі адчуе слабасць Захаду.

На думку эксперта звязанай з арміяй амерыканскай Rand Corporation Самюэла Чарапа (Samuel Charap), перамовы Байдэн-Пуцін – гэта апошняя нагода вырашыць канфлікт дыпламатычным шляхам.

У гэтай сувязі Байдэна можа спакусіць ідэя вярнуцца да Мінскіх дамоўленасцяў. Яны прадугледжваюць на столькі глыбокую дэцэнтралізацыю Украіны, што Расія магла б атрымаць фактычнае права вета на важнейшыя стратэгічныя рашэнні, датычныя замежнай палітыкі Украіны. Украінцы былі прымушаны падпісаць мінскія пагадненні ў 2015 годзе, калі ім пагражала расійская ваенная агрэсія. Аднак сёння дзяржава стала значна мацнейшай і яна не намерана выконваць тагачасныя ўмовы.

выбрала нг