«У апошнія месяцы Германія заблакавала закупкі ў рамках НАТА для ўкраінскай арміі», – заявіў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв'ю брытанскай газеце Financial Times. Германія «пастаянна будуе газаправод «Паўночны паток-2» і адначасова блакуе закупку абарончага ўзбраення, гэта вельмі няправільна», – сказаў Рэзнікаў газеце.
Паводле яго, у апошнія месяцы Германія выступала супраць продажу тэхнікі для барацьбы з беспілотнікамі і снайперамі ў рамках праграмы НАТА. Ён дадаў, што Берлін у выніку саступіў у выпадку першага тыпу тэхнікі, палічыўшы яго несмяротным.
Ужо папярэдні ўрад Германіі на чале з Ангелай Мэркель блакаваў закупкі смяротнай ваеннай тэхнікі Украінай, нагадвае «FT». Выданне дадае, што пазіцыя новага кабінета Олафа Шольца па гэтым пытанні пакуль не яснае, яго офіс адмовіўся каментаваць гэтае пытанне.
Рэзнікаў паведаміў, што Украіна будзе спрабаваць закупляць зброю праз двухбаковыя пагадненні, заключаныя з такімі саюзнікамі, як ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Літва. Ён падкрэсліў, што пасля перамоваў са сваімі калегамі з іншых краін «вельмі аптымістычна» ставіцца да пытання аб набыцці ракет і іншых абарончых узбраенняў у ЗША і іншых заходніх партнёраў.
- Не правакуйце Расію – гэтая стратэгія не працуе і не будзе працаваць, – сказаў міністр. Ён нагадаў, што ў 2008 годзе Расія ўварвалася ў Грузію пасля таго, як Германія і Францыя заблакавалі Тбілісі шлях да сяброўства ў НАТА. Рэзнікаў падкрэсліў, што заходнім саюзнікам Украіны не варта баяцца размаўляць з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным з пазіцыі сілы.
- Ваенныя дзеянні Расіі супраць Украіны былі б няшчасцем для ўсёй Еўропы. Мільёны ўкраінцаў паспрабуюць уцячы ў Еўрасаюз, экспарт збожжа будзе пад пагрозай, – папярэдзіў міністр.
Ён таксама ацаніў, што магчымае ўварванне ў Расію, падчас якога вернецца «шмат трунаў», будзе азначаць «канец цяперашняга свету» і «новую эру», у якой нормы міжнароднага права больш не будуць дзейнічаць.
У інтэрвʼю FT Рэзнікаў абверг інфармацыю, што ЗША аказваюць ціск на ўрад у Кіеве з мэтай прызнання асаблівага статусу або павелічэння аўтаноміі Данбаса, акупаванага прарасійскімі сепаратыстамі, і паставіў у залежнасць адраджэнне перапыненых перамоў адносна рэгіёну.
ав