Беларуская Служба

На саміце ЕС у Бруселі палітыкі разгледзелі шматлікія надзённыя пытанні

16.12.2021 16:02
Сярод тэм, якія разглядаліся на сустрэчы ў вярхах, - пытанні агрэсіі Расіі супраць Украіны, барацьба з эпідэміяй каранавіруса, сітуацыя ў Беларусі. 
-    ()
Прэм'ер-міністры Польшчы Матэвуш Маравецкі (злева) і Іспаніі Педра Санчэз PAP/EPA/OLIVIER HOSLET/POOL

У Бруселі адбываецца сустрэча ў вярхах Еўрапейскай рады. Удзел у мерапрыемстве прымае прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Сярод тэм – сітуацыя ў Беларусі і выкарыстанне міграцыйнага крызісу рэжымам Лукашэнкі.

Уласная карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі паведамляе, што 27-і кіраўнікам урадаў і членскіх кран ЕС прыйдзецца разгледзіць шмат надзённых пытанняў і праблемаў.

- Дыпламаты гэтую сустрэчу ў вярхах называюць марафонам, бо яе ўдзельнікам прыйдзецца разгледзіць шмат важных тэмаў цягам аднаго дня. Сярод тэм – каардынацыя дзеянняў, звязаных з барацьбой з эпідэміяй, рост цэн энергіі і энергарэсурсаў, а таксама агрэсіўныя крокі Расіі. Гэтая тэма перамоў будзе засакрэчаная і адбывацца ў вузкім коле. Падчас размовы будуць абмеркаваныя магчымыя санкцыі адносна Крамля ў выпадку агрэсіі Масквы супраць Украіны. Іх прыхільнікам з’яўляецца, у прыватнасці, Польшча. Іншыя краіны лічаць, што спачатку неабходна весці перамовы з Расіяй. І сярод іх – Францыя, Германія, Італія і Іспанія.

Варшава лічыць, што неабходна да санкцый падрыхтавацца раней і іх агаварыць, каб адразу ўвесці ў выпадку агрэсіўных дзеянняў Крамля супраць Украіны. Як удалося даведацца, магчымыя санкцыі былі б уведзеныя супраць расійскіх банкаў і Расійскага фонду прамых інвестыцый. З’явілася таксама прапанова, датычная блакавання свабоднага абмену рубля на заходнія валюты.

Акрамя таго, існуе таксама прапанова адключэння Расіі ад сістэмы міжнародных банкаўскіх разлікаў SWIFT. Супраць гэтага, аднак, выступаюць шматлікія членскія краіны. У сваю чаргу Польшча ў якасці магчымых санкцый прапануе заблакаваць газаправод «Паўночны паток – 2», што, хутчэй за ўсё, не будзе магчымым з-за супраціву Германіі.

Пры гэтым старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен чарговы раз падкрэсліла, што Брусель быў і застанецца салідарны з Кіевам незалежна ад развіцця падзей.

- Мы запэўніваем Кіеў у нашай падтрымцы ў імя суверэнітэту і інтэгральнай цэласнасці краіны. Ніхто не павінен сумнявацца ў тым, што Еўрасаюз адкажа рашуча ў выпадку чарговай агрэсіі супраць Украіны. Пасыл павінен быць ясны – калі Расія пачне агрэсію супраць Кіева, то за гэта дорага заплаціць, наступствы будуць сур’ёзнымі.

Таксама прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі зазначыў у Бруселі, што Варшава з’яўляецца прыхільнікам сур’ёзных санкцый у выпадку, калі здарыцца агрэсія Расіі супраць Украіны. Пра гэта Маравецкі размаўляў з еўрапейскімі палітыкамі, у тым ліку з Жазэпам Барэлем.

- Я размаўляў з высокім прадстаўніком ЕС па замежных справах спадаром Барэлем на тэму магчымай эскалацыі канфлікту на ўсходзе Украіны.

Акрамя тэмы Расіі, прадстаўнікі членскіх краін ЕС шмат часу прысвяцілі дыскусіі на тэму барацьбы з эпідэмій каранавіруса. У прыватнасці, гаворка ішла пра агульнаеўрапейскія кавідныя сертыфікаты. Некалькі тыдняў таму Еўракамісія запрапанавала, каб згаданы дакумент быў сапраўдны 9 месяцаў замест году, як ёсць цяпер. У сваю чаргу некаторыя іншыя краіны лічаць, што тэрмін дзеяння кавіднага сертыфікату павінен быць карацейшым чым прапанаваныя 9 месяцаў. Пакуль што паразуменне не было дасягнутае, але ўдзельнікі сустрэчы згадзіліся ў тым, што будуць каардынаваць дзеянні ў барацьбе з пандэміяй.
Перад сустрэчай у вярхах ЕС у Бруселі прайшоў саміт «Усходняга партнёрства». Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што сітуацыя ў краінах, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Еўрапейскага Саюза, мае вельмі вялікае значэнне для Варшавы.
На прэс-канферэнцыі пасля саміту «Усходняга партнёрства» кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што краіны Ўсходняй Еўропы арыентуюцца на Захад, што выклікае агрэсіўную рэакцыю Расіі. Еўрасаюз павінен аказаць дапамогу згаданым краінам, заявіў Матэвуш Маравецкі.

Польскі прэмʼер падкрэсліў, што або Еўрасаюз больш адкрыецца на дзяржавы «Усходняга партнёрства», або Расія будзе дамінаваць у гэтым рэгіёне на працягу наступных дзесяцігоддзяў.

На саміт у Брусель прыбылі прадстаўнікі Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі і Азербайджана. Прадстаўніка Беларусі не было, бо Мінск прыпыніў удзел у гэтай праграме.
Еўрапейскія лідары таксама размаўлялі пра рост цэн на энерганосьбіты, за якім стаіць Расія, і пра сітуацыю ў Беларусі.

вс