Беларуская Служба

Польшчa, Літва, Украіна – агульная гісторыя і агульны вораг

20.12.2021 09:04
Польшча і Літва найбольш актыўна падтрымліваюць украінскую інтэграцыю з Еўрасаюзам і НАТА.
  .
Прэзідэнт Анджэй Дуда.PAP/Radek Pietruszka

Лідары Польшчы і Літвы адправіліся ва Украіны з мэтай падтрымаць згаданую краіну перад абліччам пагрозы чарговага расійскага ўварвання. У рэзідэнцыі ўкраінскага прэзідэнта ў Гуце, у рамках створанай летась ініцыятывы «Люблінскі трохкутнік», плануюцца перамовы лідараў і падпісанне сумеснай дэкларацыі. Візіт прэзідэнтаў – гэта доказ падтрымкі ў сітуацыі ціску і правакацый з боку Расіі. Графік сустрэч у рамках ініцыятывы за апошнія тыдні быў надзвычай напружаны, нагадвае Rzeczpospolita.

««Люблінскі трохкутнік» і іншыя сумесныя ініцыятывы сталі адным з найважнейшых інструментаў нашай знешняй палітыкі. Нас аб’ядноўвае агульная гісторыя з часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а сёння перад намі таксама агульныя выклікі. Я маю на ўвазе, як супрацьдзеянне расійскай агрэсіі, так і пагрозы з боку Беларусі», – кажа выданню Rzeczpospolita вядучы ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.
Аднак, паводле яго, ключавое значэнне мае факт, што Польшча і Літва найбольш актыўна падтрымліваюць украінскую інтэграцыю ў Еўрасаюз і НАТА.

«Яны з'яўляюцца нашымі самымі важнымі саюзнікамі ў гэтых пытаннях. Раней Польшчу называлі адвакатам Украіны і так засталося, але за апошнія дзесяць гадоў мы значна актывізавалі адносіны з Літвой», – дадае Фясенка.

У сваю чаргу палітолаг з Універсітэта Вітольда Вялікага ў Коўне Анджэй Пукшта нагадвае пра літоўска-польска-ўкраінскыю брыгаду, якая дыслакуецца ў Любліне і дзейнічае ўжо многія гады, а таксама пра сумесную Парламенцкую асамблею Польшчы, Літвы і Украіны.

«Усё гэта адлюстроўваецца ў пастаянным і інтэнсіўным супрацоўніцтве. Сёння можна з упэўненасцю казаць пра саюз Літвы, Польшчы і Украіны», – дадае ён.

Між тым Rzeczpospolita нагадвае, што яшчэ некалькі гадоў таму польска-ўкраінскія адносіны выглядалі не найлепш, асабліва з-за пастаянных сварак вакол Валынскай разні. Аднак з таго часу, калі ў 2019 годзе Украіну ўзначаліў Уладзімір Зяленскі, гістарычныя спрэчкі ў Кіеве адышлі на другі план. У адстаўку пайшоў таксама былы кіраўнік украінскага Інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч, вядомы сваімі сімпатыямі да Сцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча.

«Без палітычнай волі гэта было б немагчыма. Таму што папярэдні прэзідэнт Пётр Парашэнка, асабліва ў канцы свайго праўлення, рабіў стаўку на ідэалогію і часам нават звяртаўся да нацыяналістычнай рыторыкі. З польскага боку таксама гучалі рэзкія словы, асабліва на гістарычныя тэмы. Гэта стварала дадатковую напружанасць з абодвух бакоў», – кажа Фясенка.

Змянілася і стаўленне ўкраінцаў да Польшчы. Калі летась большасць жыхароў Украіны лічыла Германію сваім найважнейшым хаўруснікам у свеце, то сёлета гэтае месца заняла Польшча. Таксама тавараабарот паміж краінамі расце з кожным годам. Паводле дадзеных Украінскага статыстычнага ўпраўлення за студзень-верасень 2021 года, Польшча стала другім гандлёвым партнёрам Украіны, саступаючы толькі Кітаю. Германія заняла і трэцюю пазіцыю. У сваю чаргу Расія, ад рынку якой яшчэ нядаўна залежала ўкраінская эканоміка, цяпер займае чацвёртае месца.

аз