Палітыкі партыі «Права і справядлівасць» у неафіцыйных размовах здзіўлены новай пасадай былога прэзідэнта, які толькі што атрымаў месца ў наглядальным савеце кампаніі, якая зарабляе грошы на анлайн-плацяжах, піша Onet.pl.
Партал сцвярджае, што іх крыніцы падкрэсліваюць, што Анджэй Дуда больш не мае ўплыву ў партыі «Права і справядлівасць» (ПіС) і фактычна назаўсёды сышоў з нацыянальнай палітыкі.
Былы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пацвердзіў сваю новую пасаду ў інтэрв'ю выданню «Puls Biznesu». ZEN.com, дзе ён знайшоў працу, — гэта кампанія, заснаваная ў 2018 годзе ў Жэшаве прадпрымальнікам Давідам Рожэкам, які ў 2010 годзе стаў сузаснавальнікам гульнявой платформы G2A. Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Літве. Яна працуе амаль у 30 краінах і прапануе такія паслугі, як плацежныя карты, абмен валют, мультывалютныя рахункі і анлайн-плацяжы.
У ZEN.com Анджэй Дуда будзе «падтрымліваць кампанію ў дыялогу з міжнароднымі рэгулятарамі і стратэгічнымі партнёрамі». Як патлумачылі ў кампаніі, пасада былога прэзідэнта Польшчы будзе «кансультатыўнай і апалітычнай». Яго роля будзе заключацца ў падтрымцы міжнароднай экспансіі кампаніі, асабліва на рынках Азіі і Блізкага Усходу.
яс