Беларуская Служба

Расія не цікавіцца сваімі грамадзянамі, якія ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах

24.12.2021 09:01
Маскваjackmac34/pixabay.com/CC0

Паводле расійскіх праваабаронцаў, цяпер у турмах у Беларусі знаходзяцца прынамсі дзевяць грамадзян Расіі.
Дапамогі з Расіі не атрымала не толькі Сафія Сапега. Расейцы, якіх рэжым Аляксандра Лукашэнкі абвінаваціў у супрацоўніцтве з апазіцыяй, месяцамі ўтрымліваюцца ў беларускіх турмах, нагадвае Вікторыя Бяляшын у артыкуле на старонках выдання Gazeta Wyborcza.

Сафія Сапега, партнёрка апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, папрасіла ў Аляксандра Лукашэнкі памілавання. Пра гэта паведаміў журналістам бацька 23-гадовай расіянкі Сяргей Дудзіч. Мужчына выказаў надзею, што хоць яго дачцэ яшчэ не вынеслі прысуду, то Лукашэнка станоўча разгледзіць яе просьбу. Паводле яго, гэта, бадай, адзіная надзея на вызваленне Сафіі, паколькі спадзяванні на дапамогу Крамля аказаліся марнымі.

Сапегу затрымлівалі разам з Пратасевічам у Мінску. Жанчына, хутчэй за ўсё, не ўдзельнічала ў апазіцыйнай дзейнасці, а адзінай прычынай яе арышту і зняволення стала тое, што 28 траўня яна падарожнічала разам з Пратасевічам. Нягледзячы на гэта, яе абвінавацілі, у тым ліку, у распальванні грамадскай варожасці, здзяйсненні злачынства супраць інфармацыйнай бяспекі і пагрозах у адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сапега сваю віну прызнала. Ёй пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Аднак у беларускіх арыштах і турмах трымаюць больш грамадзян Расіі, якія падвяргаюцца рэпрэсіям рэжыму з-за супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй або крытыку ўлады Лукашэнкі. У гэтых выпадках Крэмль, здаецца, таксама не прадпрымае ніякіх дзеянняў.

Тыдзень таму 29-гадовы расіянін Дзмітрый Папоў быў асуджаны судом Гомеля на 16 гадоў пазбаўлення волі. З верасня 2019 года мужчына супрацоўнічаў з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Сяргеем Ціханоўскім, адказваў за развіццё каналаў у сацыяльных сетках. Тым часам паводле пракуратуры і суда, Папоў фактычна ўдзельнічаў у арганізацыі масавых беспарадкаў і дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле звестак СМІ, беларускія ўлады абвінавачваюць Папова ў супрацоўніцтве з ФСБ, з мэтай давесці да рэвалюцыі ў Беларусі.Падрабязнасці справы Папова невядомыя, яна засакрэчаная.

За супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй у арышце застаецца таксама 21-гадовы Ягор Дуднікаў. Паводле адваката, беларускія ўлады распачалі справу супраць Дуднікава за тое, што ён агучваў перадвыбарчыя відэаматэрыялы апазіцыі. Пасля многіх гадзінаў допытаў у КДБ Дуднікаў «прызнаў» сваю віну і пачаў супрацоўнічаць у следстве, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. На просьбы маці Крэмль адказаў, што нічога не можа з гэтым зрабіць.

Маскоўская Хельсінкская група паведамляе, што ў беларускіх арыштах і турмах утрымліваюцца прынамсі дзевяць грамадзян Расіі, якія пераследуюцца за палітычныя погляды і супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй, нагадвае Gazeta Wyborcza.

аз