Беларуская Служба

ЗША і Польшча адновяць стратэгічны дыялог: у Варшаву прыедзе намесніца дзяржсакратара

25.04.2026 15:03
Гэта будуць першыя такія перамовы пасля вяртання Дональда Трампа да ўлады ў ЗША. 
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Элісан Хукер наведае Польшчу напрыканцы красавіка — на пачатку мая. Дыпламатка возьме ўдзел у чарговай сесіі польска-амерыканскага стратэгічнага дыялогу, — паведаміў Дзярждэпартамент ЗША.

Візіт пройдзе ў межах паездкі амерыканкі ў Еўропу з 27 красавіка па 1 траўня. Спачатку Хукер удзельнічае ў саміце Ініцыятывы трох мораў у Дуброўніку, дзе абмяркуюць эканамічнае супрацоўніцтва і энергетычную бяспеку ў рэгіёне.

У Варшаве яна ўзначаліць дэлегацыю ЗША на 16-й сесіі стратэгічнага дыялогу. Бакі плануюць абмеркаваць умацаванне абароннага партнёрства, развіццё энергетычнай супрацы і эканамічны рост.

Гэта будуць першыя такія перамовы пасля вяртання Дональда Трампа да ўлады ў ЗША. Стратэгічны дыялог паміж Польшчай і ЗША праводзіцца з 2004 года і з’яўляецца ключавым фарматам двухбаковых кансультацый.

iar/эж