У выданні Polska.Times публіцыстка Ліліана Сонік піша, што вядомыя асобы павінны асцярожна карыстацца гучнымі паняццямі. І прыводзіць цытату вядомай праваабаронцы, дэпутаткі Еўрапарламенту Яніны Ахойскай. Тая заявіла, што «людзі з памежнай варты калісьці адкажуць за парушэнне правоў і катаванне нявінных людзей. Гэта генацыд».
Сонік піша, што дарослы чалавек, асабліва палітык, павінен разумець значэнне словаў, якімі ён карыстаецца. Калі яна кажа пра «генацыд» на польскай мяжы, гэта гучыць абсурдна. Адбываецца дэвальвацыя важных паняццяў. Партыя «Грамадзянская платформа», якая дала Ахойскай першае месца ў сваіх партыйных спісах падчас выбараў у Еўрапарламент, пратэставала супраць выкарыстання слова «генацыд» на апісанне валынскай разні, у якой загінула 100 тыс. чалавек, а супраць «генацыду» на мяжы не пратэстуе.
Ці Яніна Ахойская ведае, колькі чалавек загінула, спрабуючы нелегальна трапіць з Францыі ў Вялікабрытанію? Толькі ў лістападзе было знойдзена 27 целаў. Мігранты не просяць прытулку ў Францыі, таксама як нелегалы не хочуць прытулку ў Польшчы. Смерць на мяжы ЕС паяўляецца штодзённа. Аднак ніхто не гаворыць пра «генацыд», скажам, на французска-брытанскай мяжы.
Polska.Times/нг