Два брытанскія транспартныя самалёты C-17 з абарончай вайсковай тэхнікай для Украіны павінны былі адбыць даўжэйшы маршрут, каб абысці Германію, якая не дазволіла на перавозку згаданага грузу праз сваю паветраную прастору, паведамляе старонка niezalezna.pl.
У панядзелак увечары міністр абароны Вялікабрытаніі Бэн Уолес праінфармаваў Палату абшчын, што Вялікабрытанія паставіла ва Украіну лёгкія сістэмы супрацьтанкавай абароны для павышэння яе абараназдольнасці ў выпадку расійскага ўварвання. Апрача таго, група брытанскіх вайскоўцаў правядзе навучанне па іх выкарыстанні. Палітык не ўдакладніў пра якую колькасць і тып зброі ідзе гаворка, але заявіў, што першыя сістэмы былі ўжо пастаўлены ва Украіну і, што яны маюць выключна абарончы характар і не ўяўляюць сабой пагрозы Расіі.
Аднак, як паведамляе старонка UK Defense Journal, нягледзячы на абарончы характар тэхнікі, з-за супраціву ўрада ў Берліне, брытанскія самалёты былі вымушаныя абысці паветраную прастору Германіі. Партал нават размясціў маршрут іх палёту – над Паўночным морам, а пазней над Даніяй і Польшчай.
Былы выкладчык Нацыянальнай акадэміі абароны і Акадэміі баявых мастацтваў Польшчы, былы кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны прафесар Рамуальд Шарамецеў падкрэслівае, што стаўленне нямецкіх уладаў па-ранейшаму адпавядае палажэнням пакту Молатава-Рыбентропа.
«У жніўні 1920 года Польшча рыхтавалася да бітвы пад Варшавай з бальшавікамі. Германія блакавала пастаўкі боепрыпасаў і зброі з Захаду (услед за Германіяй ішла Чэхаславакія). Калі б не венгерская дапамога ў выглядзе амуніцыі, польскім жаўнераў не было б з чаго страляць. На шчасце, мяжа з Румыніяй надалей была пад кантролем палякаў і праз яе своечасова прыбывалі чыгуначныя транспарты з Венгрыі. Надоечы Нямеччына не пагадзілася на пралёт брытанскіх самалётаў са зброяй для Украіны напярэдадні – як многія лічаць – уварвання Расіі. На шчасце, самалёты ў абыход Германіі маглі праляцець над Польшчай у Кіеў», – адзначае былы намеснік кіраўніка Мінабароны Рамуальд Шарамецеў.
Дарэчы ўлады ў Кіеве неаднаразова прасілі Германію адмовіцца ад гэтай палітыкі ў аспекце рэальнай пагрозы з боку Расіі. Такую просьбу ўкраінскі бок паўтарыў падчас нядаўняга візіту ў Кіеў міністра замежных спраў новага ўрада Германіі Анналены Бербак.
У снежні штодзёнка «Bild» паведаміла, што Ангела Мэркель блакавала пастаўкі зброі ва Украіну. У сваю чаргу міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў у інтэрвʼю «Financial Times», што ў апошнія месяцы Германія таксама блакавала ўкраінскія закупкі зброі ў рамках НАТА.
аз