Тыднёвае выданне Polityka піша пра агрэсіўную рыторыку Расіі і яе ўплыў на паўночныя краіны. Уладзімір Пуцін мімавольна перавёў шведскія ды фінскія дэбаты пра Паўночна-атлантычны альянс з размоваў у вузкім коле спецыялістаў у рэальны палітычны план.
У студзені на шведскім востраве Готланд паявіліся ўзброеныя да зубоў салдаты. Швецыя дэманструе сваю вайсковую сілу менавіта на гэтым востраве, паколькі Готланд з’яўляецца стратэгічным пунктам, дзвярыма да дамінацыі ў Балтыйскім моры. Некаторыя эксперты мяркуюць, што востраў можа стаць цэллю атакі Расіі. Праўда, камандзіры шведскай арміі супакойваюць, што верагоднасць нападзення вельмі малая, але неабходна сачыць за міжнароднай сітуацыяй.
Агрэсіўная палітыка Масквы вярнула дыскусію пра ўступленне ў НАТА як у Швецыі, так і Фінляндыі. Праўда, за ўступленне ў альянс выступаюць толькі каля 40% шведаў і менш за 30% фінаў, усё ж такі існуе перакананне, што калі б Расія напала на Украіну, стаўленне магло б значна памяняцца ў напрамку адабрэння членства ў пакце. У Швецыі багатая гісторыя палітыкі нейтральнасці, якая, дарэчы, абараніла яе ад удзелу ў Другой сусветнай вайне. Шведы шчыра вераць, што вайны не будзе.
У выніку свайго геаграфічнага палажэння менш даверліва ставяцца да дадзенага пытання фіны. Яны таксама нейтральныя, але пры гэтым утрымліваюць моцную армію. У краіне з 5,5 мільёнамі насельніцтва ёсць 34 тыс. прафесійных салдат і больш за 900 тыс. падрыхтаваных жаўнераў рэзерву. Праўда, Фінляндыя не ладзіць такой дэманстрацыі сілы, як шведы на востраве Готлянд, але прэзідэнт краіны ў адказ на ўльтыматум Пуціна з патрабаваннем не прымаць новых членаў у НАТА, падкрэсліў, што Фінляндыя мае права далучыцца да НАТА, калі захоча гэта зрабіць.
нг